
15 снежня 2022 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва ў рамках выставы дэкаратыўнай скульптуры "Несучаснае мастацтва – 22" адбылася творчая сустрэча з Мікалаем Байрачным і Юрыем Гудзіновічам.
Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч, сябры творчага аб'яднання "Коўня", называюць сваё мастацтва "несучасным". Мастакі не гоняцца за хуткаплыннай модай, яны ведаюць: людзі з годным культурным вопытам цэняць традыцыю.
Экспанаты выставы "Несучаснае мастацтва – 22" самадастатковыя ў эстэтычным і канцэптуальным сэнсе. Кожная дэкаратыўная скульптура - гэта займальны аповед, казка, легенда, у якіх за відавочным сэнсам абавязкова ідзе таямніца.
У рамках творчай сустрэчы М. Байрачны і Ю. Гудзіновіч правялі экскурсію па выставе дэкаратыўнай скульптуры "Несучаснае мастацтва – 22", распавялі пра асаблівасці сваёй творчасці, падзяліліся гісторыямі стварэння работ, раскрылі задумы, схаваныя ў кампазіцыях, а госці сустрэчы атрымалі магчымасць пагутарыць з мастакамі і задаць пытанні.