
Вось такі цудоўны падарунак супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча зрабілі да святаў сабе і ўсім беларусам!
Напрыканцы года выйшла з друку чарговае музейнае выданне “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 5”. Кніга працягвае традыцыю, якая складалася ў канцы 1990-х і аднавілася ўжо ў ХХІ стагоддзі.
У “Сшытак 5” увайшлі матэрыялы, якія звязаны з Людвікай Антонаўнай Сівіцкай-Войцік (Зоськай Верас) і прысвечаны 130-годдзю з дня яе нараджэння. Выданне ўтрымлівае лісты Людвікі Антонаўны да супрацоўнікаў музея, дзеячаў беларускай культуры, літаратуры, навукі.
У лістах яна ўзгадвае Максіма Багдановіча і яго сяброў, распавядае пра жыццё паэта ў Мінску ў 1916-1917 гг., дапамагае ў аднаўленні дома, дзе жыў паэт, і ў стварэнні музея “Беларуская хатка”.
Экзэмпляры выдання “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 5” ужо паступілі ў галоўныя бібліятэкі краіны. Неўзабаве пазнаёміцца са “Сшыткам” можна будзе на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Памяць – тое, што лучыць нас з мінулым і дазваляе з гонарам глядзець у будучыню!