Са спортам па жыцці

Пачаліся зімовыя школьныя канікулы, і на выставу «Народжаныя перамагаць», прысвечаную гісторыі развіцця фізкультуры і спорту г. Полацка, прыйшлі навучэнцы АСУ «СДЮШАР». Гэты год стаў знакавым для спартсменаў Полацка. Роўна 100 гадоў таму быў створаны першы спартыўны клуб, які і паклаў пачатак масавым заняткам фізкультурай і спортам на Полаччыне. На сустрэчах у музеі хлопцы і дзяўчаты маглі атрымаць не толькі новыя звесткі пра ўпадабаныя ім асобныя віды спорту, але і даведацца шмат цікавага пра поспехі полацкіх спартсменаў у розныя гады з вуснаў іх уласных трэнераў. Так, Яўген Анушкевіч, майстар спорту міжнароднага класа па таэквандо, расказаў аб паспяховым удзеле на чэмпіянаце Еўропы сярод дарослых у 2018 г. і аб спарынгах на чэмпіянаце свету ў Манчэстэры ў 2019 г. Сяргей Фірсаў, майстар спорту па дзюдо, не толькі ўспамінаў пра яркія падзеі рэспубліканскіх спаборніцтваў, але і гаварыў пра тыя якасці, якія спорт выхоўвае ў хлопчыкаў і дзяўчынак ужо з дзяцінства. Яго калега, Ілля Бубноў, майстар спорту па дзюдо, які як і Сяргей Валер'евіч з'яўляецца выхаванцам Дз. Мачульскага, дзяліўся сваім досведам працы з пачынаючымі дзюдаістамі. Яркай і запамінальнай была сустрэча і з выхаванцамі І. Капыценкі, неаднаразовага пераможцы спаборніцтваў рознага ўзроўню, заснавальніка клуба зімовага плавання «Белы мядзведзь». Юныя спартсмены ў поўнай цішыні слухалі свайго настаўніка, а затым з задавальненнем разгадвалі рэбусы і вырашалі матэматычныя задачкі на спартыўную тэму.

Сустрэчы з будучымі чэмпіёнамі працягнуцца і ў студзені наступнага года.

535