Падарункі з Яраслаўля

Навагоднія святы заканчваюцца, а падарункі – не!

Вось які цудоўны падарунак – камплект брэндзіраванай прадукцыі – на днях атрымалі супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча з Яраслаўля.

Вядома, што ў гэтым горадзе наш Максім пражыў з 1908 па 1916 гг., яраслаўскі перыяд лічыцца самым плённым для пісьменніка. На пачатку ХХ стагоддзя, у Яраслаўлі нарадзіліся знакамітыя вершы М.Багдановіча, тут рыхтаваў ён свой першы зборнік вершаў “Вянок” (Вільня, 1913).

Зараз ў Яраслаўлі працуе Дом-музей Максіма Багдановіча, помнік пісьменніку стаіць каля былога будынка Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, на самім будынку ёсць мемарыяльная шыльда.

Беларускі геній з’яўляецца брэндам Яраслаўля, у катэгорыі “Персоны”, разам з такімі знакамітымі культурнымі дзеячамі, як паэт Мікалай Някрасаў, спявак Леанід Собінаў, мультыплікатар Аляксандр Пятроў.

Гэтаму паспрыялі яраслаўскія беларусы, якім нашыя шчырыя словы ўдзячнасці. Дзякуем, у першую чаргу, Дзмітрыю Фёдаравічу Полазневу, які яшчэ ў 1990-я гг., будучы дырэктарам мемарыяльнага музея Мікалая Някрасава ў Карабісе, узяў пад сваё крыло “нованароджаны” музей беларускага паэта Максіма Багдановіча. “Разам ляцім да зор…”

612