14 студзеня — 75 гадоў Навуму Гальпяровічу

Сёлета спаўняецца 75 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку і нашаму земляку Навуму Якаўлевічу Гальпяровічу.

Навум Гальпяровіч нарадзіўся 14 студзеня 1948 г. у Полацку. Пасля школы працаваў на шклозаводзе, у полацкай газеце «Сцяг камунізму», вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ. У 1977 г. пераехаў у Наваполацк, працаваў рэдактарам радыёвяшчання вытворчага аб’яднання «Палімір», быў супрацоўнікам наваполацкай газеты «Химик». У 1979 г. завочна скончыў Віцебскі педагагічны інстытут. З 1981 г. з’яўляўся карэспандэнтам Беларускага радыё па Віцебскай вобласці. З 1997 г. жыве ў Мінску. Зараз ён намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Вядзе аўтарскую праграму «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3».

Першы верш Навума Гальпяровіча быў надрукаваны ў газеце «Химик» у 1967 г. З 1973 г. пачаў друкавацца на беларускай мове. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, піша таксама прозу, выступае з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

Цяжка пералічыць усе дасягненні Навума Гальпяровіча. Ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), Ганаровы грамадзянін горада Наваполацка (2012) і Полацка (2014). Заслужаны дзеяч культуры (2021).

Навум Якаўлевіч заўжды жаданы госць у Полацку! Даўняе сяброўства звязвае яго з Музеем беларускага кнігадрукавання, у сценах якога не раз наладжваліся сустрэчы з паэтам, прэзентацыі яго новых выданняў. Мы з гонарам збіраем і захоўваем кнігі нашага таленавітага земляка, многія з якіх маюць дароўныя надпісы музею.

643