Канстанцыі Буйло — 130

130 год таму з’явілася на свет яскравая паэтэса Канстанцыя Буйло.

Яна прыйшла ў беларускую літаратуру ў 1909 годзе, надрукаваўшы свае творы ў “Нашай ніве”. Ды так саромелася, што падпісала вершы іменем брата – Э.Буйло. Але хутка, пабачыўшы пазітыўныя водгукі на сваю творчасць (між іншым, ужо ў 1910 свой верш “Мая думка” ёй прысвяціў Янка Купала) Канстанцыя пачала друкавацца пад сапраўдным іменем.

Першую кнігу “Курганная кветка” паэтэса выдала ў 1914 годзе, а дапамаглі ёй ў гэтым Янка Купала (быў рэдактарам), Язэп Драздовіч (стварыў вокладку зборніка) і Магдалена Радзiвiл (выдзеліла сродкі на публікацыю). Вершы з “Курганнай кветкi” сталi надзвычай папулярнымi, а “Люблю наш край”, якi паклаў на музыку Мiкола Равенскi, ведаў і ведае кожны беларус.

Пра што лірыка Канстанцыі Буйло? Гэта і прыродныя матывы: “Першыя мае вершы былі надрукаваны на тэму ляснога шуму”, “Дзе вы бачылі такія празрыстыя ружовыя зоркі?.. Дзе я была і дзе шукала таго ачаравання, якое вызывала ў маім дзяцінным з’яўленні цудоўная прырода Беларусі… Мусіць таму я стала паэтам”; і роздум над жыццём беларуса, селяніна: “Асабліва блізкі і родны быў мне наш беларускі народ, мудры, лагодны, добры да сяброў, грозны да ворага” ,“А гора народнае побач з гэтым хараством”; і любоўная лірыка: “Я шукала цябе, мілы мой, ўжо даўно, – // Я шукала цябе, выглядала”… Шмат іншага чакае вас у творчасці Канстанцыі Буйло.

СКАРБЫ

Вось чаго ў жыцці я не зраблю ніколі:
Не прадам я сэрца, не прадам я волі,
Не прадам я песні...
Хоць бы мне за гэта
Каля ног злажылі скарбы ўсяго свету.
Я жыву без лішку...
Многа мне не трэба:
Маю свой прытулак і кавалак хлеба.
Дык нашто мне скарбы, хоць і ярка свецяць,
Што рабіць мне з імі і куды іх дзеці?
Ёсць у мяне скарбы...
Іх ніхто не бача...
Гэта: калі вочы з радасці заплачуць,
Гэта: калі песня цераз край пальецца,
Гэта: калі сонца ў вокнах засмяецца,
Гэта: калі кветкі пах раняюць кволы,
Калі шчасце раптам льсніцца навакола
І гарачай хваляй затапляе грудзі,—
У мяне такія ёсць, былі і будуць...
1945 г.

Подпiсы да фота:

  1. К. Буйло, 1958 г.
  2. Шкатулка К.Буйло, 1979 г.
  3. Закладка К.Буйло.
  4. Ліст А.М.Броўкі да К.Буйло, 1981 г.
  5. К.Буйло, 1952 г.
639