Да дня нараджэння Андрэя Александровіча

22 студзеня 1906 г. нарадзіўся адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Андрэй Александровіч – беларускі паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік.

З’явіўся ён на свет у Мінску, у сям’і рабочага. Вельмі рана пачаў працаваць (памёр бацька, і каб сын не бавіўся без справы і не быў галодным, маці аддала яго ў вучні да сваяка-шаўца). Удзельнічаў у беларускім народным хоры пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага, дзе вядомай спявачкай была яго старэйшая сястра Алеся. Выступленні хору ў «Беларускай хатцы» наведвалі Янка Купала, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот. Купала звярнуў увагу на самага маладога артыста і падарыў яму сваю кнігу «Шляхам жыцця», з якой Андрэй доўгі час не разлучаўся, нават разам з падручнікамі браў з сабой у школу. У 1921–1925 гг. вучыўся ў Белпедтэхнікуме, у 1930 г. скончыў БДУ.

У 1923 г. разам з Адамам Бабарэкам,  Анатолем Вольным, Алесем Дударом, Язэпам Пушчам і Міхасём Чаротам арганізаваў першае беларускае літаратурнае аб’яднанне «Маладняк».

У 1925 г. А. Александровіч – рэдактар часопіса «Малады араты», затым Клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік», праз год – намеснік рэдактара газеты «Чырвоная Полаччына» і адказны сакратар акруговай нацыянальнай камісіі. Пры яго непасрэдным удзеле ў Клімавічах і ў Полацку былі створаны філіі «Маладняка», выдаваліся альманахі «Маладняк Калініншчыны» і «Наддзвінне».

Пазней быў намеснікам старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дырэктарам Інстытута мовы АН БССР (прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапісу). У 1938 г. быў рэпрэсіраваны і асуджаны на 15 гадоў. Пасля скарачэння тэрміну да 8 гадоў выйшаў на волю, але ў 1949 г. быў сасланы ў Краснаярскі край.

Пасля рэабілітацыі (1955) жыў і працаваў у Мінску. Памёр 6 студзеня 1963 г.

Першы верш А. Александровіча «Ад беларускай моладзі» быў надрукаваны ў 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 г. выйшаў зборнік вершаў «Камсамольская нота» (з А. Вольным).

Аўтар зборнікаў вершаў  і апавяданняў: «Сутарэнне» (1925), «Па беларускім друку» (1925), «Прозалаць» (1926), «Угрунь» (1927), «Фабрыка смерці» (1929), «Гудкі» (1930), «Цені на сонцы» (1930), «Нараджэнне чалавека» (1931), «Узброеныя песні» (1936), «Вершы» (1970), «Галубінае крыло» (1976) і інш., а таксама рамана «Ваўчаняты», напісанага ў 1924 г. у сааўтарстве з А. Вольным і А. Дударом.

Пісаў кніжкі для дзяцей: «Рыбак» (1928), «Горад раніцой» (1930), «Калыханка» (1930), «Хлопчык і певень», «Як дзеці дапамагалі будаваць самалёт» (1931), «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936, 1973) і інш.

Займаўся перакладамі, у тым ліку пераклаў на беларускую мову «Інтэрнацыянал» і паэму А. Пушкіна «Руслан і Людміла» (1938).

519