Да дня нараджэння Міхася Лынькова

30 лістапада 1899 г. нарадзіўся беларускі пісьменнік, кіраўнік Бабруйскай філіі «Маладняка» Міхась Лынькоў.

Міхась Ціханавіч паходзіў з сям’і чыгуначнікаў. Бацька — рамонтны рабочы, маці — вартаўніца на пераездзе. Нарадзіўся ён у вёсцы Зазыбы Віцебскага павета (цяпер Лёзненскі раён Віцебскай вобл.), а дзіцячыя гады, як і ў яго героя Міколкі-паравоза, прайшлі «на колах»: спачатку ў казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва, потым у чыгуначнай будцы на перагоне між станцыямі Тошчыцы і Рагачоў. Дапамагаў маці, няньчыў малодшых братоў і сясцёр, пасвіў карову.

Закончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а потым і саму семінарыю (1917). Настаўнічаў у вёсцы Ліпічы (цяпер Буда-Кашалёўскі раён), прымаў актыўны ўдзел у працы сельсавета. У 1919—1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка-польскай вайне.

Пасля настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна і як актыўны селькор часта дасылаў карэспандэнцыі ў бабруйскую акруговую газету «Камуніст», а ў 1925 г. стаў супрацоўнікам гэтай газеты. Быў на пасадах сакратара, намесніка рэдактара, у 1928—1930 гг. — рэдактара. Менавіта М. Лынькоў арганізаваў Бабруйскую філію Усебеларускага літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і кіраваў яе дзейнасцю.

Актыўны ўдзел у літаратурным жыцці Бабруйшчыны прымаў у гэты час і яго малодшы брат Рыгор (нар. у 1909), які выступаў пераважна як паэт пад псеўданімам Р. Суніца. У  1941 г. Рыгор Лынькоў прапаў без вестак, а большая частка яго творчай спадчыны загінула падчас вайны.

У 1930 г. М. Лынькоў пераехаў у Мінск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, паралельна быў кіраўніком літаратурнага аб’яднання БелАПП, у якое к гэтаму часу пераўтварыўся «Маладняк».

Пазней быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР (1932–1934), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933—1941), старшынёй праўлення СП БССР (1938—1948). У 1939 г. прымаў удзел у паходзе ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў газету «Беларуская звязда»); у 1941—1942 гг. — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». У 1943—1946 і 1949—1952 гг. быў дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук БССР; абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1940—1975). Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Акадэмік АН БССР (1953). Народны пісьменнік БССР (1962). Памёр 21 верасня 1975 г. у Мінску.

Міхась Лынькоў вядомы перш за ўсё як празаік і дзіцячы пісьменнік. Першыя яго апавяданні былі надрукаваны ў 1926 г. у газеце «Камуніст» і зборніку бабруйскай філіі «Маладняка»  — «Уздым». Потым былі кнігі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930, 1932), «Апошні зверыядавец» (1930, 1931), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935, 1937), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Агні Танган’ікі» (1957), «За акіянам» (1962), а таксама раманы «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея «Векапомныя дні» (1958, 1969); за апошні ў 1968 г. М. Лынькоў атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Коласа. Неаднаразова выходзілі кніжкі выбраных твораў, а таксама «Зборы твораў» у 4-х (1967–1968) і ў 8-мі (1981–1985) тамах.

Вельмі вядомыя яго кніжкі для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз», «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), якія працягваюць перавыдавацца і ў наш час. Аповесць «Міколка-паравоз» яшчэ ў 1957 г. была экранізавана.

Выступаў таксама ў якасці крытыка і літаратуразнаўца, перакладаў з рускай мовы творы М.Горкага і інш.

506