Папяровыя карункі

За вакном зіма стварае свае карункі, а ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры чаруюць папяровыя карункі.

Выстаўка прадстаўлена Івянецкай школай мастацтваў імя К.Паплаўскага. Леанарда Іосіфаўна Капуста разам з навучэнцамі захапляецца старажытнай тэхнікай выразання з паперы – выцінанкай. Амаль кожны з нас у дзяцінстве пад Новы год выразаў сняжынкі з паперы на вокны: і ў дзіцячым садку, і пазней, у школе, але пры слове “выцінанка” вочы здзіўлена акругляюцца: “Што гэта? Мастацтва такое? Выразанне з паперы?”

Выцінанка – з’ява, якая належыць выключна сялянскай культуры. Нягледзячы на тое, што росквіт яе прыпадае на даволі позні перыяд – канец ХІХ – пачатак ХХ стст., яна нясе ў сабе рысы старажытныя, народжаныя міфалагічным мысленнем. Выцінанка – той жа тэкст пра стварэнне Сусвету, яго структуру і месца ў ім чалавека. Яго можна чытаць нібы збор казак і паданняў, авалодаўшы алфавітам мастацкіх вобразаў.

У часы росквіту выцінанка мела шэраг прызначэнняў – насценнае ўпрыгожанне, фіранка на вакно, сурвэтка, рагавічок на паліцу, цацка для дзіцяці ці аздабленне для труны – усе гэтыя рэчы адыгрывалі сваю ролю ў жыцці вяскоўцаў.

Чаму менавіта папера? – з прычыны таннага кошту і даступнасці, бо на той час прамысловая вытворчасць паперы на Беларусі цалкам задавальняла попыт не толькі мясцовага насельніцтва. Крыху пазней, калі сялянская гаспадарка пабагацела і разжылася, папера ў хатнім убранні паступова выцясняецца тэкстылем. І тады выцінанка яшчэ працягвае актыўна ўжывацца: перайшоўшы з паперы на паркаль, яна па-ранейшаму займае сваё месца на вокнах і паліцах.

За савецкім часам у народнай свядомасці фарміруецца ўспрыманне рукатворных рэчаў як прыкметаў галечы і нястачы. Гэта тычыць не толькі папяровых вырабаў. Паступова да рангу такіх “прыкмет” прылічваюцца любыя творы хатняга ткацтва, ганчарства, пляцення. Масавая прамысловая вытворчасць выцясняе індывідуальную творчасць. Вось так выцінанка становіцца забытай.

Сучасная выцінанка атрымала рамкі (сапраўдныя рамкі, у якія апранаюць творы мастацтва). Гэта адначасова і заканчэнне жыцця і пачатак новага. Гэта іншае існаванне выцінанкі. Нібыта жыццё пасля смерці. Цяпер выцінанка – напамін пра былое. Бо ўсе гэтыя рэчы падмацоўваюць, сілкуюць існаванне нашай нематэрыяльнай часткі.

469