Аб конкурсе навуковых краязнаўчых работ

25 студзеня 2023 г. прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу навуковых краязнаўчых работ школьнікаў, задачамі якога з'яўляецца выяўленне малавядомых фактаў рэгіянальнай гісторыі, далейшае развіццё навыкаў навукова-даследчай дзейнасці, а таксама фарміраванне патрыятычных пачуццяў і адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны малой Радзімы. На суд журы, членамі якога былі і супрацоўнікі НПГКМЗ – І.П. Воднева, загадчык Краязнаўчага музея, Л.Б. Трыгорлава, вядучы навуковы супрацоўнік Краязнаўчага музея – прадстаўлены амаль 30 работ. Яны разглядаліся па 3-х намінацыях: «Гісторыя роднага краю», «Культурная спадчына», «Геаграфічнае краязнаўства». Большасць навуковых работ школьнікаў адпавядалі мэтам і задачам конкурсу, былі цікавыя па зместу і афармленні. Пры іх падрыхтоўцы навучэнцы выкарыстоўвалі не толькі агульнадаступны тэарэтычны матэрыял па выбранай тэме, але і ўнеслі свой важкі практычны ўклад у яе распрацоўку. Асаблівую ўвагу журы прыцягнулі работы Яцюка Уладзіміра «Полацкая лютэранская абшчына ў канцы XVIII-пачатку XX стст.» (навуковы кіраўнік Р.В. Воюш, ДУА «Багатырская базавая школа Полацкага раёна»), Манчынскай Валерыі «Вайна 1812 года ў выяўленчым мастацтве: бітвы за Полацк» (навуковы кіраўнік Ю.С. Глазырына, ДУА «Сярэдняя школа №14 г. Полацка»), Шпігановіч Святланы «Захаванне культурнай спадчыны Полаччыны праз гістарычную асобу. Дойлід Іаан» (навуковы кіраўнік Л.М. Баранава, ДУА «Сярэдняя школа №14 г. Полацка»), Барсуковай Анастасіі «Мікратапонімы вёскі Варонічы і яе наваколля» (навуковы кіраўнік В.Ю. Апалька, ДУА «Варонічская сярэдняя школа Полацкага раёна»). Аўтары гэтых работ удастоены дыпломаў I ступені.

Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны: Бруквін Яраслаў за працу «Роля сям'і Жыганавых у партызанскім руху Полаччыны» (навуковы кіраўнік К.В. Драздова, ДУА «Сярэдняя школа №6 г. Полацка»), Недокунева Дар'я і Глушонак Кіра «Арыгіналы і копіі  праваслаўных напрастольных крыжоў XII стагоддзя на беларускіх землях» (навуковы кіраўнік І.В. Недокунева, ДУА «Сярэдняя школа №18 імя Еўфрасінні Полацкай г. Полацка»), Кудраўцава Дар'я за працу «Драўляны летапіс Полацка» (навуковы кіраўнік В.М. Медзель, ДУА «Фарынаўская сярэдняя школа Полацкага раёна», Літвінаў Ілля за працу «Геаграфічныя назвы Палатоўскага краю ў святле тапанамічных паданняў» (навуковы кіраўнік С.Я. Качарагін, ДУА «Палатоўская базавая школа Полацкага раёна).

Шэраг удзельнікаў конкурсу ўдастоены дыпломаў III ступені. Гэта: Кушнярэнка Аляксандр за працу «Па старонках гісторыі мікрараёна Баравуха г. Полацка» (навуковы кіраўнік К.В. Жураўлёва, ДУА «Базавая школа №15 г. Полацка»), Караваева Юлія за працу «ДАК-43» (навуковы кіраўнік В.Р. Дзяменцьеў, ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Полацка»), Голубева Дарына за працу «Сядзіба Лапацінскіх – будучы цэнтр турызму» (навуковыя кіраўнікі Н.В. Чарнаморац, С.М. Мулярэнка, УА «Полацкая дзяржаўная гімназія №2»), Цырыкава Кацярына за працу «Імёны вядомых людзей у тапаніміцы г. Полацка» (навуковы кіраўнік Л.М. Пацеёнак, ДУА «Базавая школа №12 імя І.Е. Аляксеева г. Полацка»).

Пераможцаў раённага этапа рэспубліканскага конкурсу навуковых краязнаўчых работ навучэнцаў чакае новы этап - абласны. Далейшых поспехаў ім у вывучэнні гісторыі сваёй малой Радзімы!

489