Лекцыя: «210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808)»

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэт, тэатральны і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 4 лютага 1808 г. (па новым стылі) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) у шляхецкай сям'і Яна (Івана) Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам. Ён у той жа дзень быў ахрышчаны ў Бабруйскім парафіяльным касцёле, але не па поўным абрадзе (адной вадой), бо з'явіўся на свет кволым. (Праз некалькі месяцаў яго ахрысцілі яшчэ раз ужо з выкананнем усіх абрадаў - "святымі алеямі".)

Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 г. скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 г. Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург на папячэнне С. Богуша-Сестранцэвіча, чалавека вельмі адукаванага, вучонага-славіста, літаратара, члена Расійскай акадэміі навук, які сам займаўся яго выхаваннем. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

З сярэдзіны 1820-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе.

У 1831 г. узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей. У 1840 г. набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Ёсць звесткі, што ў пачатку 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.

У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада", а таксама "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (у 1841 г. пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям'і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты "Рэкруцкі яўрэйскі набор"). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п'ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце "Рэкруцкі яўрэйскі набор").

З сярэдзіны 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 г. у Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора - оперы "Сялянка" (пазней з'явілася іншая назва - "Ідылія"). Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. "Ідылія" лічыцца прынцыповай з'явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне - упершыню ў літаратурным творы - па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст у свой час пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны - Язэп Лёсік. У "Ідыліі" В. Дунін-Марцінкевіч выявіў сябе як прыхільнік класавага міру і маральнага самаўдасканалення. Ён высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце рэшт аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п'есе характэрныя народныя тыпажы. Сапраўдным героем твора стаў не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт (наглядаў за працай прыгонных). Яго вобраз для В. Дуніна-Марцінкевіча значыў вельмі многа, імя гэтага персанажа ён выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма. "Ідылія" карысталася вялікай папулярнасцю ў Беларусі, яе тэкст перапісвалі і распаўсюджвалі ў рукапісных спісах, у друку з'явіліся рэцэнзіі на пастаноўку твора. Опера была пастаўлена ў пачатку 1852 г. у Мінску тэатрам Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума ў спектаклі выканаў сам аўтар.

Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча - створаны ім аматарскі тэатральны калектыў - існаваў у 1840-1850-я гг. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п'есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам. Пасля першай жа пастаноўкі "Сялянкі" дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 г.

У 1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. У 1854 г. памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 г. ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з мінскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі.

У гэты перыяд упершыню ў Мінску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: "Гапон" (1855 г.), "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма "Гапон" - першы твор В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці "Дурны Зміцер, хоць хітры", "Стаўроўскія дзяды", "Купала", "Шчароўскія дажынкі" маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя - апавяданні "Славяне ў XIX стагоддзі", прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і "Літаратарскія клопаты" пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах.

У 1857 г. В. Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада "Травіца брат-сястрыца", дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і "Быліцы, расказы Навума", што складаюцца з вершаваных аповесцяў "Злая жонка", у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і "Халімон на каранацыі", прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя "свабоды". Гэтыя творы былі апублікаваны толькі ў сярэдзіне XX ст. у савецкіх часопісах "Беларусь" і "Полымя".

У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" - эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX ст. Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. Яго меркавалася выдаць у Вільні ў 1859 г., два першыя раздзелы (быліцы) з дванаццаці ўжо былі набраны і нават збрашураваны, але ў апошні момант (фармальна з-за таго, што тэкст быў пададзены лацінскім шрыфтам) цэнзура не дазволіла выхад, і амаль увесь тыраж знішчылі.

У 1861 г. у Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне "Люцынка, або Шведы на Літве" (напісана ў 1857 г.), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

Апошнія дзесяцігоддзі жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Мінск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 г. ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) "Пінская шляхта". Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п'есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне"Пінская шляхта" атрымала толькі ў 1917 г., пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры.

У 1868 г. В. Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма "З-над Іслачы, або Лекі на сон" (аўтар назваў яе "апавяданнем Навума Прыгаворкі"), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 г., ужо ў перакладзе на беларускую мову. 

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі "Залёты", якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 г. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX ст. пераклаў Янка Купала, у 1915 г. "Залёты" былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п'есы адбылася ў газеце "Вольная Беларусь" у 1918 г.

У 1876 г. быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гг. у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.

У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр В. Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 г. (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

462