215 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — першага перакладчыка паэмы «Пан Тадэвуш» на беларускую мову

4 лютага 2023 г. споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – беларускага пісьменніка, драматурга, класіка беларускай літаратуры.

У 1858 г. ён пераклаў на беларускую мову паэму А. Міцкевіча Пан Тадэуш. Пераклад Дуніна-Марцінкевіча - гэта адна з першых спроб беларускіх пісьменнікаў XIX ст. перайсці ад мовы гутарковай да мовы літаратурнай.

У „Прадмове перакладца” пісьменнік піша, што хацеў, каб пазнаёміўся з выдатным творам польскай літаратуры „народ той просты, што з маткай-прыродай блізка жывець”, і „дробная акалічная шляхта, што жывучы ў лясным зацішшы, у хаце, між сабою, сваей роднай ужывае мовы”. „Няхай жа ідзе гэта кніга праміж людзёў, няхай пакажа, што і ў нашай мове можна выгаварыць вялікія думкі, даці прыгожыя і слаўныя абразы”. З жалем адзначае паэт, што праца яго не знайшла „прыяцеляў сярод тых людзей нашай старонкі, ўто павэдлуг бога і сумлення павінны б памагчы адкрыць цёмнаму народу вочы”. Аднак кніга не дайшла да чытача. У 1858 г. Дунін-Марцінкевіч падаў у Віленскі цэнзурны камітэт рукапіс перакладу першых трох песень паэмы. Цэнзар Кукальнік адобрыў яго, і праз некаторы час у друкарні А. Сыркіна былі надрукаваны дзве часткі. Новы цэнзар забараніў распаўсюджанне кнігі. У лістападзе 1859 г. увесь тыраж (1000 экз.) быў здадзены ў Віленскі цэнзурны камітэт і спалены. Цудам засталося некалькі экзэмпляраў. З кракаўскага экземпляра, рукапісную копію з якога зрабіў Б. Эпімах-Шыпіла, быў выдадзены пераклад у 1908 г. пецярбургскім выдавецтвам „Загляне сонца і ў наша ваконца”.

Экзэмпляр гэтага выдання ёсць сёння ў экспазіцыі нашага Дома-музея Адама Міцкевіча.

501