Юбілейны вечар Навума Гальпяровіча

9 лютага ў Доме літаратара ў Мінску прайшоў юбілейны вечар Навума Гальпяровіча.

Сярод запрошаных гасцей у ім прынялі ўдзел і супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка: дырэктар запаведніка Марына Чарнышова, загадчык Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава і вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева.

Ці не галоўнай тэмай вечара гучаў Полацк. Аб ім нагадвалі і фотакадры дзяцінства і юнацтва Навума Якаўлевіча, і здымкі сучаснага Полацка, і, вядома ж, вершы паэта, прысвечаныя роднаму гораду.

З віншаваннямі юбіляру (трэба адзначыць, вельмі нефармальнымі) выступалі сябры і калегі Навума Гальпяровіча як па пяру, так і па яго працы на радыё і тэлебачанні, а таксама героі яго праграмы “Суразмоўцы”. На гэты раз самому юбіляру давялося выступіць у ролі суразмоўцы і адказаць на пытанні традыцыйнай апытанкі. І надзвычай прыемна было пачуць, што любімым месцам нашага слыннага земляка з’яўляецца Музей кнігадрукавання.

Жадаем Навуму Якаўлевічу даўгалецця, натхнення і новых кніг!

467