Лабірынты гука


З 18 сакавіка 2023 г. у прысядзібным флігелі музея «Лошыцкая сядзіба», філіяла Музея гісторыі горада Мінска, працуе выстаўка графікі і этнічных музычных інструментаў «Лабірынты гука» з калекцыі музыканта і фалькларыста Івана Кірчука.

Іван Кірчук – этнограф, фалькларыст і музыкант – за гады дзейнасці сабраў калекцыю этнаграфічных рэчаў і музычных інструментаў.

Асноўнае месца ў экспазіцыі займаюць беларускія акарыны, жалейкі, званы і колавая ліра. Сярод цікавых музычных інструментаў – афрыканскія і беларускія калімбы, тыбецкі ханк, непальскія чашы, незвычайныя побытавыя і «музыкальныя» рэчы (капыткі коз, шкарлупіны арэхаў, драўляныя трашчоткі), з дапамогай якіх нашы продкі ўзнаўлялі гукі прыроды.

Музыкант лічыць, што гук, пачуты чалавекам, ніколі не забываецца, і яго можна пакласці на паперу. Таму экспазіцыю музычных інструментаў дапаўняюць графічныя аркушы, якія адлюстроўваюць гукі, пачутыя Іванам Кірчуком падчас шматлікіх экспедыцый па Беларусі і вандровак па розных краінах. На аркушах паўстаюць міфалагічныя істоты, героі беларускіх легенд і паданняў, якія з’яўляюцца захавальнікамі архаічных гукаў.

На выстаўцы наведвальнік зможа «паіграць» на незвычайных інструментах – «дрэве дажджу», тарапаце, а таксама даведацца пра маскі, якія выкарыстоўвалі акцёры ў час прадстаўленняў на кірмашах.

Уваходны квіток:

  • 3.00 бел.руб. - дарослыя
  • 2.00 бел.руб. - студэнты
  • 1.50 бел.руб. - навучэнцы
319