Францішак Багушэвіч — класік беларускай літаратуры і рупны сябра Міцкевічава Камітэта

Учора, 21 сакавіка адзначалі 183-годдзе з дня нараджэння вядомага беларускага грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Францішака Бенядзікта Казіміравіча Багушэвіча. Які захапляўся творчасцю Міцкевіча і таму думка пра ўшанаванне Міцкевіча так апанавала яго.

Улетку 1897 года, з нагоды набліжэння сотай гадавіны з дня народзінаў Адама Міцкевіча, быў створаны Міцкевічаў Камітэт. Францішак Багушэвіч быў самым актыўным членам камітэта. З первых дзён распачаў збор грошай на помнік у гонар Міцкевіча.

Адам Міцкевіч для Багушэвіча быў не проста вялікі паэт. Ён лічыў яго і песняром беларускага краю. Нават у перад’юбілейны год Багушэвіч захацеў прайсці сцежкамі любага паэта. Дзеля гэтага зладзіў падарожжа ў Коўна, дзе выкладаў Міцкевіч пасля сканчэння універсітэта.

З Коўна Багушэвіч вярнуўся поўны самых розных уражанняў і яшчэ з большым імпэтам і шчырасцю пачаў рупіцца пра збор сродкаў на помнік. Ахвяраваліся на помнік не толькі людзі творчай думкі, але і рамеснікі, кухаркі, швачкі. Праўда зборы гэтыя былі невялікія, але затое шматлікія. “Нам і такія трэба” – паэтычна сказаў Багушэвіч. І сам не раз ахвяраваўся. Ягонае імя тройчы згадваецца ў спісе камітэцкага скарбніка. Неўзабаве на помнік Міцкевічу было сабрана 4 648 рублёў .

Члены камітэта часцяком збіраліся на свае рады, аб’мяркоўвалі праекты і каштарыс помніка. Аднаго разу сабраліся на Багушэвічавай кватэры, абмеркавалі ліст мастака Русецкага, які паведамляў з Кракава аб выкананні заказу. Магчыма, што Багушэвіч, як гаспадар, кіраваў тым пасяджэннем. Ён з трапяткім хваляваннем чакаў гэтай падзеі. Але ўвесну 1898 года моцна захварэў і мусіў пераехаць з Вільні ў Кушляны. Калі-нікалі з Вільні прыязджалі сябры і паведамлялі яму, што ў іх робіцца. Багушэвіч з большага быў задаволены.

Помнік Міцкевічу меркавалася прыхінуць пад страхой Касцёла Святых Янаў. Багушэвіч спадзяваўся, што да адкрыцця помніка стане на ногі, але надзеі яго не спраўдзіліся. Помнік адкрывалі без яго, але ён радаваўся, што ўсё ж удалося адсвяткаваць сотую гадавіну вялікага Адама.

Той помнік, што створаны намаганнямі простых і шчырых людзей і зараз стаіць у тым жа Касцёле Святых Янаў. У яго аздобленым пазалотай мармуры адчуваецца душэўнае цяпло і рупнасць нашага песняра Францішка Багушэвіча.

360