22.03.2023. Адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Аляксандра Матвеенкі «Чэрыкаўскія краявіды» да 70-годдзя майстра

22 сакавіка 2023 года ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбылося адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Аляксандра Матвеенкі “Чэрыкаўскія краявіды” да 70-годдзя майстра. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Прырода роднага краю ва ўсе часы зачароўвала мастакоў, была асалодай і натхненнем для іх. Назіраючы за роднымі мясцінамі, творца імкнецца адлюстраваць іх прыгажосць у сваіх палотнах, падзяліцца іх непаўторнасцю з іншымі. Аляксандр Матвеенка праз свае работы знаёміць гледача з утульнымі мясцінамі Чэрыкава.

Чэрыкаў – невялікі беларускі горад, які размяшчаецца на беразе маляўнічай ракі Сож у Магілёўскай вобласці. Горад мае багатую гісторыю і дзівосную прыроду, з’яўляецца адным з самых прыгожых і цудоўных куткоў нашай краіны.

У экспазіцыі выставы прадстаўлены краявіды, напісаныя мастаком у розныя перыяды творчасці.

На работах А. Матвеенкі занатавана шмат непаўторных, вельмі прыгожых куткоў роднага краю: бярозавы гай, бязмежныя палі, лясныя паляны, вёсачкі ў адталым снезе, гарачае лета... Яго пейзажныя творы, прадстаўленыя на выставе, з’яўляюцца маляўнічым эпасам беларускай зямлі.

405