Жыве яго мастацтва

25 сакавіка гадавіна памяці беларускага мастака-кераміста, скульптара, жывапісца, члена Беларускага саюза мастакоў, нашага славутага земляка Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага

Нярэдка пасля таго, як чалавек сыходзіць з жыцця, на зямлі застаюцца яго добрыя справы. Светлую памяць пра сябе і свае непаўторныя мастацкія работы пакінуў нашчадкам і наш зямляк, вядомы мастак-кераміст, жывапісец.

Здавалася, што Мікалай Лаўрэнцьевіч зроблены з такога трывалага чалавечага матэрыялу, які мог супрацьстаяць любым жыццёвым нягодам, творчай сумятні, цяжарам і хваробам. Ён увесь быў увасабленнем жыцця, і змірыцца з тым, што яго не стала, вельмі цяжка, хоць пражыў ён доўгае жыццё. Да свайго 90-гадовага юбілею ён не дажыў пяць дзён.

Заўсёды энергічны, бурлівы ідэямі чалавек, які адгукаецца на ўсё жывое ў мастацтве і падтрымліваў ўсіх, хто меў патрэбу ў яго ўдзеле, Мікалай Несцярэўскі быў узорам сапраўднасці, прыроднай адоранасці, чалавечай чуласць і прыроджанай годнасці.

Нарадзіўся Мікалай Лаўрэнцьевіч 31 сакавіка 1931 года на Беласточчыне ў вёсцы Бацюты, але сваёй радзімай лічыў Дзятлаўскі край. Пасля вайны сям’я пераехала на Дзятлаўшчыну, дзе прайшлі юнацкія гады мастака і пачаўся працоўны шлях.

Творца змяніў шэраг прафесій – ад мастака-афарміцеля ў Дзятлаўскім раённым промкамбінаце, настаўніка працы, малявання і чарчэння Дзятлаўскай сярэдняй школы, галоўнага мастака Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі да вучэбнага майстра мастацкай керамікі ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз БДАМ).

Мікалай Несцярэўскі ўспамінаў:

- “Мне пашчасціла ў жыцці на сваім шляху сустрэць выдатную настаўніцу, калегу Шыдлоўскую Анастасію Сямёнаўну, якая выкладала нямецкую мову ў Дзятлаўскай сярэдняй школе. Яна прымусіла мяне задумацца і дала нейкі штуршок да навукі, за гэта я ёй вельмі ўдзячны. Дзякуючы гэтаму чалавеку я завочна скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1959). Пасля была вучоба ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце на вячэрнім аддзяленні , якая стала не толькі трывалым падмуркам ў авалоданні мастацтва, але і падаравала цікавыя знаёмствы. Інстытут скончыў у 1969 годзе. Дыпломную работу выканаў на “выдатна” і атрымаў спецыяльнасць “мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.

Сэнсам жыцця для Мікалая Несцярэўскага стала мастацкая кераміка. Ён знайшоў сваё прызванне ў рабоце з цудоўным матэрыялам – глінай.

- На разнастайныя задуманыя формы з гліны трэба шмат часу і вытрымкі. Не кожны возмецца. Мала проста прытрымлівацца тэхналогіі, трэба адчуваць матэрыял і ўмець з ім дамаўляцца. Але вынік зачароўвае! Калі бярэш у рукі гліняную рэч, адчуваеш жывое цяпло агню – гаварыў мастак.

Мікалай Несцярэўскі - вядомы барэльефнымі партрэтамі легендарных для Беларусі асоб, жывапіснымі пейзажамі і класічна выверанымі нацюрмортамі, цудоўнымі партрэтамі. Працаваў у паркавай скульптуры, афармляў інтэр’еры грамадскіх будынкаў. У суаўтарстве з Генадзем Жарыным, Юрыем Багушэвічам, Вольгай Аржанухінай стварылі дэкаратыўныя пано і скульптуры са стылізаванымі малюнкамі народнага быту, якія сёння ўпрыгожваюць калоны адной з самых шматлюдных станцый метро “Плошча Якуба Коласа” ў Мінску.

У 1992 годзе Мікалай Лаўрэнцьевіч пайшоў на пенсію, але працягваў займацца любімай справай. На пенсіі пачаў займацца жывапісам. Маляваў пейзажы, нацюрморты, партрэты. Усе работы філігранна адлюстроўваюць глыбокае веданне жыцця, свет чалавечых пачуццяў і характараў, захопліваюць багаццямі роднага краю. Адчуваецца, як добра ён ведаў жыцце народа, яго гісторыю і звычаі. Усёй душой быў адданы сваёй справе і сваёй жыццёвай пазіцыі.

Ганаровы грамадзянін горада Дзятлава Мікалай Несцярэўскі са сваёй сям’ёй жыў ў сталіцы, але ніколі не забываў месца, дзе прайшло яго юнацтва, жывуць сястра і пляменніца, сябры, дзе пахавана мама… Аб гэтым гавораць яго шматлікія палотны і барэльефы, прысвечаныя роднай старонцы і землякам: “Вечар на рацэ Моўчадзь”, “Пачатак Нёмана”, “Палац Радзівілаў”, “Дзятлава”, “Абшары Нёмана”, калекцыя партрэтаў, бюстаў і плакетаў знакамітых землякоў і сяброў.

Яго хапала на ўсё: на любоў і клопат пра сям'ю, дзяцей, унукаў, жонку, на арганізацыю выстаў у Мінску і Дзятлаве, на штодзённую карпатлівую працу ў мастацтве. Яго заўсёды хапала на сяброўства. Але галоўнае, ён не пераставаў выпрабоўваць пачуццё захаплення перад сваімі працамі, лепячы ці малюючы рашучымі рухамі з’яўленыя яму вобразы.

Высокі ўзровень работ мастака не застаўся не заўважаным: у 1995 годзе ён прыняў ўдзел у аздабленні рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Бронзавы барэльеф з выявай Сымона Балівара Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Прэзідэнту Баліварскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу пад час яго візіту ў Рэспубліку Беларусь у 2010 годзе.

Гонар мастака – керамічныя партрэты-барэльефы князёў Вялікага княства Літоўскага і каралёў Рэчы Паспалітай, сучасных навукоўцаў і дзеячоў мастацтва, а таксама унікальная калекцыя керамічных партрэтаў гістарычных асоб Беларусі і вядомых землякоў: ад першых ўладароў Дзятлава да сучаснікаў.

Сярод работ мастака годнае месца займаюць керамічныя плакеты народных паэтаў БССР Янкі Купалы і Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Цяжка ўзгадаць аб ўсіх творах майстра ў адным артыкуле, лепш наведаць музей і ўбачыць іх свамі вачамі. Звыш 300 работ захоўваюцца ў фондах, многія з іх экспануюцца ў залах музея. Да іх прыгажосці мастак аддаваў сваё сэрца, і людзі спыняюцца перад карцінамі і цудоўнымі вырабамі зачараваныя. Рэальнае, штодзённае жыццё пераходзіла на палатно ці на выраб з гліны праз рукі і душу майстра і атрымлівалася прыгажосць, якая нейкім незразумелым чынам робіла яго шчаслівым.

Я не прадаю сваё мастацтва. Кожная мая работа – як немаўля, якому я даў жыццё і якое я шаную - падкрэсліваў мастак. Таму аддаю іх ў добрыя рукі – на памяць сваім зямлякам.

У апошні час свайго жыцця творца асабліва шмат працаваў. Апошнія яго работы: маляўнічыя карціны “Дзятлаўскі пагост”, “Копія карціны В.Дмахоўскага “На радзіме”, “Тры салдата” і, канешне ж, серыя партрэтаў годных і яркіх людзей Дзятлаўшчыны – акадэмікаў Міхаіла Нікіфарава і Станіслава Грыба; народнага паэта БССР Якуба Коласа; сваіх сяброў-дзятлаўчан - Анастасіі Шыдлоўскай і Аляксандра Валуевіча.

Работы М.Л.Несцярэўскага экспануюцца і захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой. Творчасць мастака, яго шматгранны талент адзначаны шэрагам узнагарод, у ліку якіх – медаль “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў.

У 2017 годзе выйшаў каталог работ Мікалая Несцярэўскага “Я яшчэ не ўсё зрабіў”. У 2021 годзе, да 90-гадовага юбілею мастака, выйшла другое выданне, пры спонсарскай дапамозе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дапоўненае новымі работамі і ўспамінамі аб яго лёсе і творчасці.

Мне здаецца, мая гісторыя будзе карысна новым пакаленням, бо гэта унікальны чалавечны вопыт, прызнанне ў каханні маёй краіне, маёй малой радзіме і землякам – гаварыў Мікалай Несцярэўскі.

Родная краіна, яе прасторы, чарада знаёмых, казачна шчырых пейзажаў, стрыманыя, высакародныя партрэты-барэльефы значных для беларускай культуры і гісторыі персаналій даюць нагоду і магчымасць аб’яднацца, пагадзіцца ў думках, сысціся ў поглядах, пачуць адзін аднаго і дамовіцца, што так сугучна ў Год міра і стварэння, якім абвешчаны 2023 год.

Хацелася б, каб прыхільнікі творчасці Мікалая Несцярэўскага доўга памяталі яго мілую ўсмешку, яго шчодрасць, паважлівасць і дабрыню.

Жыццё кароткае, мастацтва вечна… Мастак, творца памірае, а плады яго рук, тварэнні яго духу, розуму, мастацтва жывуць вечна. Мікалай Несцярэўскі жыве ў сваіх творах, а яны - гэта памяць пра мастака, які мастацтвам услаўляў сваю краіну, сваю Дзятлаўшчыну.

Шматлікія куточкі Дзятлаўшчыны, дзе знаходзяцца яго творы, нагадваюць, што побач з намі – просты чалавек, але сапраўдны патрыёт сваей Радзімы. А калі вы завітаеце ў Сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай ў Дзятлаве, абавязкова падыдзіце да абраза святога Мікаля Цудатворцы, які мастак падараваў вернікам праваслаўнай царквы. Свяціцель Мікалай нездарма празваны Цудатворцам, бо ён дапамагае нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях.

Мікалай Несцярэўскі памёр 25 сакавіка 2021 года. Як у жыцці, так і ў смерці Мікалай застаўся простым. Для яго не мелі значэння грошы, слава і прызнанне, а важна было, каб любоў да любімай справы жыла ў душы.

Галоўны захавальнік фондаў УК “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей”
І.С.Якаўчык

412