Да дня нараджэння Валерыя Маракова

27 сакавіка 1909 г. нарадзіўся Валерый Маракоў — беларускі паэт, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

З’явіўся на свет у вёсцы Акалонія Мінскага павета (цяпер у межах Мінска) у сям’і рабочага. Пазбавіўшыся працы на чыгунцы, бацька рабіў у навакольных вёсках печы, і Валерый пасля сканчэння сямігодкі (1924) нейкі час дапамагаў яму. У снежні 1925 г. быў прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі».

У 1926 г. быў прыняты ў літаратурную арганізацыю «Маладняк». У канцы таго ж года А. Звонак запрасіў В. Маракова пажыць у Полацку, дзе яго вершы друкаваліся ў газеце «Чырвоная Полаччына».
У 1927 г. паступіў у Мінскі белпедтэхнікум, але пасля другога курса яго адклікалі з вучобы і прызначылі кіраўніком літаратурнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь». Там паэт працаваў да 1930 г. У 1931—1934 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Мінскага педагагічнага інстытута.

Першыя вершы Валерыя Маракова былі надрукаваны ў 1925 г. у часопісах «Чырвоны сцяг» і «Малады араты». Яго хутка заўважылі і высока ацанілі М. Чарот, К. Чорны, Я. Пушча. Вельмі падтрымліваў творчыя пошукі Маракова Я. Купала, які запрашаў яго да сябе ў госці і слухаў вершы ў аўтарскім выкананні. Творы маладога паэта часта змяшчаліся на старонках газет «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда», часопісах «Маладняк», «Полымя» і інш.

Выйшлі зборнікі вершаў «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы, паэмы, 1989), «Рабінавая ноч» (2003).

Таксама В. Маракоў займаўся перакладамі — пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны.

419