Сумесны выставачны праект «Відзікі: беларускі традыцыйны роспіс на шкле»

5 красавіка (серада) 2023 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” мае адбыцца адкрыццё сумеснага выставачнага праекта “Відзікі: беларускі традыцыйны роспіс на шкле”.

ПРЭС-РЭЛІЗ

*  “відзікі” (ад слова “від”) — рэгіянальная назва роспісу на шкле

Карцінкі на шкле разам з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і ўзорыстымі тканымі посцілкамі фарміравалі цэласны ансамбль пасляваеннага вясковага інтэр’ера і адлюстроўвалі ўяўленні аб прыгажосці цэлага пакалення жыхароў вёскі. У экспазіцыі галерэі “Цэнтр” прадстаўлена практычна ўся відавая разнастайнасць роспісу на шкле з розных рэгіёнаў Беларусі: рамкі для фотаздымкаў і абразоў, абразы, сюжэтныя кампазіцыі розных жанраў. Роспісы створаны народнымі майстарамі ў 1920–1970-я гг.

У вобразна-пластычных сродках відзікаў шмат агульнага і з маляванымі дыванамі (увасабленне мары аб раі), і з тканымі посцілкамі, калі на цёмным або нейтральным фоне ўзнікаюць дамінуючыя элементы насычаных колераў з сюжэтамі папулярных схем для вышывак (папугаі, коцікі і інш.). Некаторыя аўтары відзікаў стваралі свае адвольныя копіі кніжных ілюстрацый, часопісных малюнкаў і нават станковых жывапісных твораў. Таму і рамантычныя краявіды, і паненкі ў модных капялюшах, і тры асілкі на конях сустракаліся на сценах вясковых хацін. У якасці ніжняга слою многіх відзікаў ужывалася фольга, якая таямніча блішчала праз яркія фарбы элементаў малюнка і пераважна цёмны фон.

Аўтарства большасці відзікаў не высветлена. Тым большую каштоўнасць набываюць знойдзеныя імёны мастакоў: Алена Макоўчык, Алена Васілеўская, Еўдакія Клімашэвіч, Іосіф Мысліцкі, Васіль Калінін, Аляксандра Кутняя і інш. Творых гэтых аўтараў склалі важную частку экспазіцыі выставы.

Традыцыйна ў нашай мастацкай галерэі мы імкнемся знайсць сувязі паміж мінулым і сучаснасцю. Таму, акрамя музейных артэфактаў, у экспазіцыі прадстаўлены творы сучасных мастакоў, якія адраджаюць і папулярызуюць роспіс на шкле: Вольгі Пілецкай (народны майстар Рэспублікі Беларусь, г. Клецк), Марыі Кулецкай (народны майстар Рэспублікі Беларусь, г. Пружаны), Таццяны Зданевіч (мастак, г. Бяроза).

На нашай выставе глядач мае ўнікальную магчымасць убачыць сапраўдныя экспанаты з фондаў пяці музеяў: Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, Вілейскага краязнаўчага музея, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчы музея, фондаў аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

Пра зацікаўленасць у нашым грамадстве “шклянкамі-маляванкамі” сведчаць экспанаты з прыватных калекцый. Відзікі рупліва збіраюць даследчыкі дадзенай з’явы, захоўваюць каштоўную спадчыну сем’і майстроў, ладзяць этнаграфічныя экпедыцыі ў сваіх рэгіёнах сучасныя мастакі, якія займаюцца роспісам на шкле.

POS-матэрыялы да выставы распрацаваны дзякуючы супрацоўніцтву з праектам Вольгі Трубач @vidziki.art і ўстановай адукацыі “Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава”.

Выстава працуе з 5 красавіка па 14 мая 2023 г.

Месца правядзення: мастацкая галерэя “Цэнтр” ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”
Адрас: вул. Гікалы, д. 4, г. Мінск
Час працы: серада–нядзеля: 11:00–19:00
Тэл. +375–17–3425076 @gallery_centre

Кошт уваходнага білета — 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета — 1 руб.

396