Паэт, празаік, перакладчык

2 красавіка 2023 года споўнілася 90 год з дня нараджэння нашага земляка  Віктара (Вікенція) Мікалаевіча Шымука. У фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваюцца  дакументы, асабістыя фатакарткі, рукапісы, зборнікі вершаў Віктара Мікалаевіча, а таксама яго пішучая машынка, настольная лямпа, настольны гадзіннік,  алоўкі, ручкі, пісьма. У 2015 годзе мастаком Мікалаем Несцярэўскім напісаны партрэт В.Шымука. 

Нарадзіўся Віктар Шымук 2 красавіка 1933 года ў в.Змяёўцы Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Жылі бедна, мелі ўсяго 3 га зямлі. Бацьку даводзілася зарабляць грошы на лесапілцы ў Дзятлава. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі восенню 1939г. бацьку Вікенція Шымука выбралі першым старшынёй калгаса імя Молатава. На гэтай пасадзе ён працаваў да самай вайны. Вікенцій пайшоў у школу, што адчынілася ў Янаўшчыне, у былым панскім маёнтку. Але вучыўся нядоўга – пачалася вайна. Пасля вызвалення Дзятлава ад акупантаў Вікенцій Шымук наведваў школу ў Дзятлаве.

Пасля заканчэння 8 класаў Вікенцій Шымук пачаў працаваць адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты “За новую вёску”. Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце “Калгасная праўда”. Пасля заканчэння універсітэта застаўся працаваць у газеце.

Працаваў таксама ў газеце “Звязда”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. З 1977 года – намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё. В.М.Шымук – член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964г.

Літаратурную працу пачаў у 1949 годзе. Для дзяцей напісаў паэму “Каля Броннай гары” (1960), зборнікі вершаў “Мы вясне дапамагалі” (1962), “Дочкі сіняга Нёмана” (1964), “Марылі пра шчасце хлапчукі”(паэмы, 1981).

Аўтар зборнікаў вершаў “Свіцязянскія хвалі” (1968), “Світанне” (1972), “Святло красавіцкіх бяроз” (1983), “Спелы жнівень” (1990) і інш. Шмат нарысаў Віктара Шымука прысвечана героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар зборніка апавяданняў “Помняць пушчы і паляны” (1969).

На многія вершы паэта напісаны песні. Віктар Шымук займаўся перакладамі з балгарскай, латышскай, малдаўскай, армянскай, рускай, украінскай, і іншых моў. Пісаў крытычныя матэрыялы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Віктар Шымук вядомы чытачу як шчыры лірык, чалавек дасціпны, не абыякавы да праблем жыцця. Наш зямляк шчыра любіў свой край, славіў сваю малую радзіму.

Памёр 18 верасня 1998 года, пахаваны ў г.Дзятлава.

Край мой прынёманскі,
Родны мой край.
Ціха шапоча
Над Неманам гай.
Белыя хмаркі
Глядзяць у ваду.
Я каля рэчкі
Сцяжынкай іду.
Край мой прынёманскі,
Край дарагі.
Травамі пахнуць
Лугі-мурагі.
А над сцяжынкай—
Пошум бяроз.
Любае, мілае
Ўсё мне да слез.
Край мой прынёманскі,
Родны мой кут.
Матчыну мову
Чую я тут,
Шчыраю песняй
Яна плыве,—
Ў кожнай хаціне
Жыла і жыве.
Край мой прынёманскі,
Радасць мая,
Светлая доля
Сёння твая.
Перад табою—
У шчасце шляхі.
Край мой прынёманскі.
Край дарагі.

(“Родны кут”)

402