«Сонцы нашай паэзіі»

“Сонцы нашай паэзіі”

Літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі і Расіі і 190-годдзю выхаду з друку рамана ў вершах

А. С. Пушкіна “Яўгеній Анегін”

“Братняя дружба рускага і беларускага народаў непарыўна. Яркае сведчанне гэтаму – нязменная наша любоў да Пушкіна”, − пісаў у артыкуле “Пушкін і наша культура” Якуб Колас. Класік беларускай літаратуры называў А. С. Пушкіна геніем, непераўзыдзенным мастаком паэтычнага слова, творчасць якога надзвычай хвалявала яго душу.

Яшчэ ў дзяцінстве Пясняр выявіў свае асаблівыя ўзаемаадносіны з рускай класікай. Мацней за ўсё яго ўразіў эстэтычны бок паэзіі А.С. Пушкіна:

«Я добра памятую: у дзіцячыя гады ў маёй пастуховай торбе ляжаў невялікі, добра патрапаны томік пушкінскай паэзіі. Да таго часу я ўжо сяк-так навучыўся чытаць, і чытанне паланіла мяне. У належныя мінуты, дзе-небудзь на ўзлеску або ў прыбярэжным лазняку, я з захапленнем чытаў паэмы і вершы Пушкіна, завучваў іх на памяць. Я мог прачытаць па памяці ад пачатку да канца "Палтаву", "Братоў-разбойнікаў", "Цыганоў" і шмат лірычных вершаў…»

Так пачаўся шлях Якуба Коласа да вялікага рускага паэта, а ў хуткім часе голас А.С. Пушкіна загучаў па-беларуску – у 1937 г., да 100-годдзя з дня смерці Пушкіна, Якуб Колас пераклаў на родную мову знакамітую паэму «Палтава». На працягу ўсяго свайго жыцця Якуб Колас у публіцыстычных артыкулах не раз выказваў сваё захапленне геніем рускага паэта, якое, безумоўна, мела магутнае ўздзеянне на фарміраванне мастацкага таленту беларускага Песняра. Я. Колас сцвярджаў: “Калі б не было Пушкіна з яго «Анегіным», одай «Вольнасць» і «Пасланнем у Сібір», «Капітанскай дачкой» і казкамі,— не было б, напэўна, і маіх паэм «Новая зямля» і «Рыбакова хата», маёй лірыкі і прозы».

У артыкуле “Сонца нашай паэзіі” Якуб Колас напіша аб творах Пушкіна:

“Гэта былі цудоўныя, дзівосныя вершы! Яны спявалі, смяяліся, разляталіся выбухамі грому, кіпелі напружаннем страсці і клікалі за сабой, захапляючы шырынёй і прызрыстасцю думкі”.

На літаратурна-музычным вечары ў музеі Якуба Коласа 11.04.2023 года плануецца выступленне літаратараў і тэатральных дзеячаў, чытанне твораў А.С. Пушкіна як у арыгінале, так і ў перакладзе на беларускую мову. Музычным упрыгажэннем вечара стануць рамансы на словы А. С. Пушкіна ў выкананні навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У фае будзе арганізаваны кніжны кірмаш ад крамы “Акадэмкніга”.

Пачатак у 18.30.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

396