30.03.2023. Адкрыццё выставы жывапісу Надзеі Лівенцавай і Уладзіміра Крываблоцкага «ВЯЛІКІ НАСТАЎНІК», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва

30 сакавіка 2023 года ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё выставы жывапісу Надзеі Лівенцавай і Уладзіміра Крываблоцкага «ВЯЛІКІ НАСТАЎНІК», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва.

Уплыў творчасці Леаніда Шчамялёва на жывапісную культуру Беларусі другой паловы XX стагоддзя велізарны, а яго жыццёвы шлях мастака і грамадзяніна – гэта высокі прыклад творчага даўгалецця, духоўнай сталасці і жыццёвай мудрасці. Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў быў не толькі выбітным мастаком, але і вялікім настаўнікам.

Выстава «ВЯЛІКІ НАСТАЎНІК» аб'яднала творчасць двух вучняў Леаніда Дзмітрыевіча, цалкам розных майстроў – Надзеі Віктараўны Лівенцавай і Уладзіміра Васільевіча Крываблоцкага.

Творы Надзеі Лівенцавай - тонкія, працятыя унутраным святлом - будуюцца на спалучэннях вытанчана прыгожых чыстых тонаў, нараджаюцца ад судотыку душы мастачкі з душой кветак, дрэў, гор, неба – вечным і мудрым духам прыроды.

У творчасці Уладзіміра Крываблоцкага актыўна ўзаемадзейнічаюць манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (мазаіка, вітраж, ляўкас) і станковы жывапіс. Яго творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вялікае архітэктурнае асяроддзе.

Нягледзячы на розніцу стыляў мастакоў, менавіта Леанід Шчамялёў заклаў у сваіх вучнях любоў да мастацтва і асновы, якія сфармавалі ў далейшым унікальны творчы падыход кожнага майстра. Жыццё Вялікага настаўніка працягваецца ў працах яго вучняў.

412