«Будзем жыць у прыгожае з вераю...»

11 красавіка ва УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” адбылося адкрыццё выставы неверагоднай прыгажосці абразоў з калекцыі матушкі Святланы Семашкевіч.

На выставе прадстаўлены вобразы праваслаўных святых, выкананых на парчы і аксаміце з выкарыстаннем бісеру, паўкаштоўных камянёў, страз, аплікацый і плеценых уставак. Кожная вышытая ікона ўнікальная ў сваім родзе. Усе дэталі на абразах выконваюцца ўручную, на іх няма ні кроплі клею. Майстрамі-іканапісцамі пішуцца толькі лікі святых. А рамы да іконаў робіць муж Святланы – айцец Мікалай.

Святлана Зянонаўна Семашкевіч – матушка храма святых апосталаў Пятра і Паўла в.Гарнастаевічы Гродзенскай епархіі. За сваю высакародную працу ў славу праваслаўнай царквы была ўзнагароджана шматлікімі граматамі і дыпломамі, сярод якіх узнагароды ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і Міністэрства культуры Беларусі. У 2013 г. Святлана Зянонаўна стала «Жанчынай года» ў намінацыі «За духоўнае адраджэнне», у 2014 г. атрымала абласную прэмію «Чалавек года Гродзеншчыны». Варта адзначыць, што Святлана Зянонаўна Семашкевіч носіць ганаровае званне – шматдзетная мама.

Запрошаным госцем на мерапрыемстве быў настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг.Гудзевічы пратаіерэй Мікалай Сень. Бацюшка Мікалай расказаў пра гісторыю ўзнікнення ікон і асноўным іх прызначэнні. Таксама святар павіншаваў прысутных з надышоўшымі і надыходзячымі святамі.

Такую прыгажосць трэба абавязкова пабачыць на свае вочы, таму запрашаем наведаць выставу!!! Яна будзе дзейнічаць да 8 мая.

412