У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я прайшла рэканструкцыя валачобнага абраду

Тыдзень ад Вялікадня да Чырвонай горкі лічыўся ў нашых продкаў асабліва святочным. Гэтыя светлыя дні прынята было праводзіць урачыста і радасна.

У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я прайшла рэканструкцыя валачобнага абраду — вясновага абходу моладдзю з песнямі дамоў перад пачаткам сяўбы. Госці пачулі валачобныя песні пад гармонь і скрыпку ў выкананні фальклорнага калектыву «Варган». У сваіх песнях «валачобнікі» віншавалі гаспадыню і яе сям'ю, жадалі здароўя, спакою, дабрабыту і багатага ўраджаю. Малодшае пакаленне пазнаёмілася з традыцыямі свята і разам з дарослымі пагуляла ў велікодныя гульні «Біткі», «Круці яічка», «Каціся яічка».

Гаспадыня шчодра надзяліла «валачобнікаў» пачастункамі, каб гарантаваць сабе добры ўраджай, а значыць — багаты і сыты год.

334