«Калекцыя работ Ю.М. Пэна» 16.12.2009 г. - 28.02.2010 г.

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 16 снежня 2009 года а 17 гадзіне адкрываецца выстаўка “Калекцыя работ Ю.М.Пэна”, прысвечаная 155-годдзю з дня нараджэння мастака са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў рамках доўгатэрміновага праета “Культура не мае правінцыі”.
Ю.М.Пэн пакінуў Віцебску сапраўды вельмі каштоўную і велізарную спадчыну – калекцыю сваіх мастацкіх твораў. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца: 166 жывапісных і 17 графічных работ, збор фотаздымкаў і дакументаў.
Выстава “Калекцыя работ Ю.М.Пэна” адкрылася ў Віцебскім мастацкім музее ў 2008 годзе. Яна з’яўляецца данінай памяці мастаку, сведчаннем захапленя яго творчасцю, пакланеннем перад яго талентам. На выстаўцы прадстаўлена болей 30 жывапісных работ.
Юрый Маісеевіч Пэн нарадзіўся 24 мая (5 чэрвеня) 1854 г. у горадзе Нова-Аляксандраўск Ковенскай губерні. З 1881 па 1886 г. навучаўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў у класе знакамітага педагога П.П.Чысцякова. У 1896 г. па запрашэнню губернатара В.А.Левашова прыехаў у Віцебск. Гэтаму гораду ён прысвяціў 42 гады жыцця, да самаго дня трагічнай гібелі ў 1937 г. У 1927 г. Юрый Маісеевіч уганараваны звання “Заслужаны габрэйскі мастак Віцебшчыны”.
Таленавіты мастак і педагог, Ю.Пэн стаяў ля вытокаў мясцовай школы мастакоў. Яго прыватная мастацкая студыя паклала пачатак сістэме мастацкай адукацыі ў горадзе. У розныя часы ў Ю.Пэна вучыліся: М.Шагал, Л.Лісіцкі, О.Мешчанінаў, Д.Якерсон, И.Мальцын, Л.Шульман, С.Юдовін, Р.Ідельсон, Е.Мінін, А.Ахола-Вало, З.Азгур і іншыя знакамітыя мастакі.
У творах Ю.М.Пэна расрываецца жыццё правінцыяльнага Віцебска, дзе цесна перапляталіся, перасякаліся, узаемадзейнічалі розныя светапогляды, розныя ўклады, розныя рэлігіі. Юрый Маісеевіч быў летапісцам радасцей і нягод горада і ў сваіх палотнах пакінуў аб ім праўдзівы аповед. Яго работы з’яўляюцца ўзорам высокапрафесійнага мастацтва канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Яны адрозніваюцца глыбокім філасофскім сэнсам, любоўю да жыцця і мудрасцю.

Выстаўка твораў Ю.М.Пэна ў Мінску дэманструецца ўпершыню.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул.К.Маркса, 12
Працуе кожны дзень з 11.00 да 19.00, серада з 12.00 да 20.00
Панядзелак– выхадны.
Тэл.: 227-00-05, 227-43-22

1889