Новыя звесткі пра лютэранскую кірху ў г. Полацку

Старажытны горад Полацк, на вялікі жаль, захаваў не так многа помнікаў архітэктуры. Па розных прычынах храмы і кляштары былі або разбураны знарок людзьмі, або зруйнаваны падчас войнаў. Да так званых "шчаслівых" будынкаў можна аднесці былую лютэранскую кірху, размешчаную на вуліцы Ніжне-Пакроўскай. Даследчыкі, пазнаёміўшыся з дакументамі розных архіваў, так і не змаглі знайсці дакладнай даты пабудовы кірхі. Храм адносілі да канца ХІХ ст. - пачатку ХХ ст. І толькі ў гэтым годзе супрацоўнікам Краязнаўчага музея пашанцавала. Сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь былі знойдзены некалькі лістоў і зваротаў полацкіх лютэранаў, рапарт полацкага паліцмайстара, дзе вызначалася дакладная дата пабудовы. Храм быў пабудаваны за паўтара гады і ўрачыста адкрыты 18 снежня 1888 года. Мураваную царкву асвяцілі ў гонар Святой Марыі. За гады свайго існавання прыгожы помнік неаготыкі падвергся нешматлікім перабудовам, але не згубіў сваёй мастацкай каштоўнасці і сёння.

2023