Выстаўка твораў беларускага народнага мастака Апалінарыя Пупко

Прадстаўлена калекцыя работ майстра з фондаў Івянецкага музея традыцыйнай культуры

Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (1893—1984) уяўляе неацэнны пласт духоўнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала Беларусі народнага разьбяра, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка.

Ен паходзіў з вядомага роду Пупкаў, які славіўся сваімі патомнымі майстрамі — мулярамі, ганчарамі, разьбярамі, чырвонадрэўшчьжамі. Майстар ўвабраў у сябе дух таго творчага асяроддзя, што быў уласцівы Івянцу як буйнейшаму цэнтру народнага мастацтва, росквіт якога прьпадае на дзіцячыя і юнацкія гады майстра. Усё яго доўгае і плённае жыццё прайшло ў мястэчку, за выключэннем двухгадовай вучобы ў прыватнай гімназіі ў Менску.

Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але з дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.

У мастацкіх творах майстар, абапіраючыся на сваю мастацкую кампазіцыю, удала пазбягае натуралізму, выпрацоўвае свой уласны творчы стыль, які грунтуецца на аснове засвоеных традыцый народнай культавай пластыкі Беларусі і вывучэння сусветнай класічнай спадчыны.

У апошнія гады жыцця ён спяшаўся канчаткова давесці да завяршэння аздабленне сваёй хаты звонку. Рэльефы атрымаліся цікавымі, манументальна-эпічнымі. Дэкаратыўнасць карункаў з кветак і раслін надала элегантнасць філасофска-жыццёвай задуме аўтара. У гэтую працу ён уклаў усё сваё майстэрства, а таксама часцінку свайго высакароднага сэрца.

Алег Раманоўскі, дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры

Выстаўка работ майстра, створаная у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Заслаўе", складаецца з чатырох раздзелаў. Прадстаўлены мастацкія творы, выкананыя ў 60 – 80 гг. ХХ ст.

Адкрывае выставу "Аўтапартрэт" Апалінарыя Пупко.

Надхненню майстра спрыяла добрае веданне твораў беларускіх класікаў. Да здабыткаў партрэтнага жанру можна аднесці бюст Адама Міцкевіча, барэльефы "В.Дунін-Марцінкевіч", "Алаіза Пашкевіч". Іх вобразы, увасобленыя ў дрэве, складаюць аснову першага раздзела выстаўкі – "Беларускія песняры".

Творчае натхненне разьбяра не абмінула блізкую яму па духу асобу беларускай культуры – Якуба Коласа і яго літаратурных герояў, таму тэма першага раздзела гарманічна перацякае ў другі – "Якубу Коласу прысвячаецца".

У цэнтры выставачнай залы – два пейзажа Апалінарыя Пупко.

У трэцім раздзеле "Народныя Замалёўкі" – абагульненыя вобразы сялян, зрэдку жартоўныя. Аўтар з кругляка дрэва скупымі сродкамі ўпэўнена перадае падабенства асобы, месцамі пакідаючы некранутую долатам форму дрэва, утвораную прыродай.

Апалінарый Пупко быў чалавекам той эпохі, калі існаваў культ "Рэвалюцыі". Сярод вобразаў майстра сустракаюцца не толькі выпадковыя "замалёўкі" з натуры, але і партрэт, не пазбаўлены кан'юнктурных памкненняў – барэльефная выява Леніна і Міхаіла Фрунзе.

2090