ПЕЙЗАЖ, ЯКІ ЎСМІХАЕЦЦА

19 студзеня 2010 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава твораў С.П.Каткова “Пейзаж, які ўсміхаецца”
У кастрычніку 2011 г. культурная грамадскасць краіны адзначае 100-гадовы юбілей з дня нараджэння вядомага беларускага мастака, заслужанага настаўніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Пятровіча Каткова.
Радзіма Каткова – Расія, вёска Скрыпіцына, што на Пензеншчыне. “Дзяцінства, праведзенае на ўлоне прыроды, пакінула значны след у душы будучага пейзажыста. У яго творах разліта радасць першаадкрывальніка прыгажосці вакольнага свету”, – пісала пра творчасць С.Каткова мастацтвазнаўца І.Назімава. У 1931 г. С.Каткоў скончыў Пензенскі мастацка-педагагічны тэхнікум. Яго настаўнікам быў вядомы рускі мастак І.Горушкін-Саракапудаў, які, у сваю чаргу, вучыўся ў І.Рэпіна. Дэкаратыўныя тэндэнцыі ў творчасці настаўніка знайшлі яскравае адлюстраванне ў творчасці таленавітага вучня. Біяграфія С.П.Каткова – цэлая эпоха ў нашай гісторыі: 1931–1934 г. – выкладае ў педагагічным тэхнікуме і школе сельскай моладзі ў горадзе Чорны Яр; 1934–1937 г. – служба ў радах Чырвонай Арміі.
У 1937 г. Каткоў прыязджае ў Беларусь, якой прысвяціў усё сваё жыццё: у даваенныя 1937–1939 г. кіраваў студыяй пры Палацы піянераў і школьнікаў у Мінску, у пасляваенныя гады выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву. Выдатны педагог, ён выхаваў бліскучую плеяду беларускіх мастакоў, архітэктараў, сярод якіх заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі Б.Левін, народны мастак Беларусі М.Данцыг, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі З.Літвінава, В.Сумараў і іншыя. Сёння цяжка ўзгадаць імёны беларускіх мастакоў старэйшага і сярэдняга пакалення, якія б не вучыліся ў С.Каткова: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь У.Тоўсцік, заслужаны дзеяч мастацваў Рэспублікі Беларусь Н.Счасная, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола С.Гарбунова і многія-многія іншыя. За вялікую працу ў галіне мастацкай адукацыі ў 1966 г. С.Каткову нададзена ганаровае званне заслужанага настаўніка Беларусі.
Асобная старонка яго біяграфіі – Вялікая Айчынная вайна. С.П.Каткоў прайшоў шлях салдата ад Масквы да Кёнігсберга ў радах 5-й арміі 3-га Беларускага фронту, сумяшчаючы воінскія абавязкі з функцыямі мастака-агітатара і фотакарэспандэнта пры палітаддзеле. У яго біяграфіі – абарона Масквы, Паўночна-Заходні фронт, 3-ці Беларускі фронт, Смаленск, Віцебск, Кёнігсберг, Далёкі Усход, Маньчжурыя, медалі: “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “ За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіей”, “За перамогу над Японіяй”. На фронце мастаком створаны выдатныя графічныя серыі “Дземянскі плацдарм”, “Рамушаўскі калідор”, якія сёння з’яўляюцца каштоўнымі дакументамі таго часу.
Пасля вайны мастак вяртаецца да сваёй любімай тэмы – беларускага краявіду. Наватарствам з’яўляецца спалучэнне ў некаторых творах двух жанраў: пейзажу і нацюрморта. Жывапісная і графічная спадчына С.Каткова, частка якой захоўваецца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў, раскрывае талент мастака, які адным з першых у беларускім выяўленчым мастацтве пасляваеннага часу звярнуўся да пленэрнага жывапісу, аднавіўшы айчынныя традыцыі лірычнага пейзажу.
У юбілейную экспазіцыю таксама ўвайшлі творы мастацкай керамікі, выкананыя Святланай Катковай, дачкой мастака.

Выстава працуе з 11.00 да 19.00, у сераду – з 12.00 да 20.00, выхадны – панядзелак
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
вул. К. Маркса, 12, тэл. для даведак 227 43 22, 227 00 05

1896