“Лёгкія фарбы” (карціны з пуха кветак)

“Лёгкія фарбы”
(карціны з пуха кветак)

Хутка вясна. І пачнецца перыяд для збору новага матэрыяла для фларыстаў. Гэта неверагодна, але пух тапаліных дрэў, дзьмухаўцоў, скрыпеню і іншых кветак можа замяніць фарбы мастаку. Лёгкія парашуцікі дзмухаўца трапляюць на чорную аксамітную паперу і ствараюцца контуры, мазкі, цені…І перад намі ўжо карціна. Гэта нешта незвычайнае - графіка створаная без алоўка, карціна, напісаная без фарбаў.
У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом-музей І з’езда РСДРП” 26 студзеня (аўторак) 2010 года а 17–й гадзіне адкрываецца выстава незвычайных карцін з пуха Лях Соф’і Адамаўны. На выставе прадстаўлена больш 30 работ, выкананых у гэтай незвычайнай тэхніцы. Так можна ўбачыць партрэты нашых беларускіх асветнікаў Ф. Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, У. Караткевіча, У. Мулявіна, Р. Барадуліна створаныя пухам дзьмухаўцоў. Экспануюцца сілуэтныя карціны (Пушкін і яго эпоха), рэпрадукцыі твораў знакамітага амерыканскага мастака Р. Кента ў тэхніцы аплікацыя. Актыўная жыццёвая пазіцыя аўтара выражана ў серыі работ да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – рэпрадукцыі ілюстрацый літоўскага мастака С. Красаўскаса да кнігі “Да апошняга дыхання” – зборнік вершаў савецкіх паэтаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А побач, скрозь пухавыя “мазкі”, акрэсліваюцца выявы сусветна вядомых прыгажуннь - Неферціці і Джаконды.
Аўтар незвычайных карцін з пуха Лях Соф’я Адамаўна працавала канструктарам-мадэльерам. На пенсіі захапілася фларыстыкай. Ад класічных пейзажаў з засушаных кветак і лісця перайшла да працы з пухам кветак. Унікальнасць тэхнікі заключаецца ў тым, што ў працэсе працы выкарыстоўваецца пух раслін – дзьмухаўца, скрыпеню, калючніка і інш.). Пры дапамозе пінцэта пух выкладваецца на цемную аксамітную паперу і накрываецца шклом. Праца вельмі крапатлівая, бо калі хоць на адзін міліметр пушынка патрапіла не туды, усё, губляецца вобраз. С. А. Лях займаецца больш за дзесяц гадоў гэтым накірункам фларыстыкі.
Адрас: пр-т Незалежнасці, 31 А,
Тэлефон: 290-68-47
Музей працуе з 11.00 – да 19.00
Выхадны: панядзелак
8029 503 78 12