17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь прайшоў круглы стол, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы

17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь прайшоў круглы стол, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. У яго рабоце прынялі ўдзел навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікі Магілёўскага і Мінскага абласных краязнаўчых музеяў, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, выкладчыкі і студэнты ВНУ.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь С. У. Вечар. Ён жа прэзентаваў камплект паштовак “Грунвальдская бітва”, выпушчаны адмыслова напярэдадні знамянальнай даты ў айчыннай у выдавецтве “Артыя Груп”. Выступленне вядучага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатаку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук Ю. М. Бохана было прысвечана праблеме ўзгаднення крыніц па гісторыі Грунвальдскай бітвы. Аб удзеле ў бітве мціслаўскай харугвы на чале з князем Лунгвенам распавёў прысутным дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат гістарычных навук А. А. Трусаў. Змястоўнымі і аргументаванымі былі выступленні старшага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Іванавіча Шаланды, прафесара кафедры гсіорыі Старажытнага свету і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта І. А. Еўтухова, загадчыка навукова-фондавага аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь М. А. Плавінскага. Аб праблемах выкладання падзей Грунвальдскай бітвы ў курсе гісторыі Беларусі расказала загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук М. А. Бяспалая. З прыкладамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве прысутных пазнаёміў дацэнт кафедры дызайну, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і тэхнічнай графікі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Машэрава, кандыдат мастацтвазнаўства І. В. Гарбуноў.
Удзельнікі круглага стала пазнаёміліся з творамі выстаўкі “Постаці мінуўшчыны” (супольны выставачны праект музея і Беларускага саюза мастакоў, прысвечаны 600-годдзю Грунвальда). У экспазіцыі прадстаўлены творы вядучых беларускіх жывапісцаў, графікаў, скульптараў А. В. Бараноўскага, У. П. Савіча, Р. С. Сітніцы, П. Ю. Татарнікава, Э. Г. Рымаровіча, М. М. Купавы, М. С. Басалыгі, С. А. Бандарэнкі і інш.
Старшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Д. Г. Шляхцін пазнаёміў удзельнікаў круглага стала з выстаўкай “Водбліскі ваеннай славы. Еўрапейская зброя і вайсковае абмундзіраванне ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”, якая падрыхтавана ў рамках доўгатэрміновага экспазіцыйнага праекта “Еўрапейскія арміі на шляху да сучаснасці”.
Удзельнікі пасяджэння прынялі рэзалюцыю з прапановамі надання вуліцам назвы Грунвальдскай і ўсталявання ў горадзе Мсціславе помніка князю Лунгвену.

1846