Памяць застаецца.

У жніўні 2009 года ў фонды НПГКМЗ паступіла цікавейшая калекцыя матэрыялаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю полацкага настаўніка і краязнаўцы Сцяпана Антонавіча Клокава. Збор матэрыялаў пра Заслужанага настаўніка БССР распачаўся яшчэ ў прошлым годзе. Супрацоўнікі Краязнаўчага музея сустракаліся з роднымі і былымі калегамі Сцяпана Антонавіча. У лютым 2009 года арганізавалі і правялі з навучэнцамі школ г. Полацка некалькі сустрэч, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння С. А. Клокава. Амаль 20 гадоў - з 1952 па
1969 гг. - Сцяпан Антонавіч адпрацаваў дырэктарам школы № 8 г. Полацка, дзе карыстаўся павагай сярод калег і вучняў. У школе ён наладзіў добрую краязнаўчую працу па зборы матэрыялаў пра герояў Полаччыны - Уладзіміра Азіна і Якава Кульнева. Герою Айчыннай вайны 1812 года Клокаў прысвяціў навуковае даследаванне “Гений русского военного искусства Кульнев Яков Петрович”. Гэтая кніга і многія іншыя матэрыялы зараз захоўваюцца ў фондах запаведніка.

Калекцыя, перададзеная ў фонды, складаецца з 78 прадметаў. Гэта рукапісы, дакументы, фотаздымкі, кнігі з дароўнымі надпісамі, газеты з артыкуламі настаўніка і даследчыка полацкай даўніны, асабістыя рэчы. Супрацоўнікі музея выказваюць вялікую падзяку родным С. А. Клокава за дапамогу ў зборы матэрыялаў.

2261