Сустрэча на малой радзіме: Пятро Васючэнка

У Міжнародны дзень музеяў 18 мая ў Музеі беларускага кнігадрукавання прайшла доўгачаканая сустрэча з Пятром Васільевічам Васючэнкам. Малая радзіма сустрэла яго не толькі добрым надвор'ем. У зале, дзе адбывалася імпрэза, сабраліся вельмі розныя людзі: дзеці і дарослыя, маці з малымі і студэнты, пісьменнікі і паэты, проста палачане ды госці горада, якія шануюць сваю мову, цікавяцца літаратурай. "12 подзвігаў Пятра Васючэнкі" - так назвалі сустрэчу супрацоўнікі музея (па аналогіі з кнігай госця "Дванаццаць подзвігаў Геракла"). 12 подзвігаў - 12 дасягненняў: літаратурныя, навуковыя, будзёныя і нават адзін містычны.

Полацк займае асаблівае месца ў жыцці Пятра Васючэнкі: тут ён нарадзіўся, сталеў, спрабаваў пяро. "Полацкі малец" шмат расказаў пра сваё дзяцінства, пра прафесійнае ды асабістае жыццё. З бацькоўскай цеплынёй і гумарам расказваў пра сваіх студэнтаў. Чытаў свае вершы, размаўляў з прысутнымі і вытрымаў бліц-апытанне. Павіншаваць госця з 60-гадовым юбілеем, які П. Васючэнка адзначае ў гэтым годзе, а таксама 40-годдзем апублікавання першага твора прыйшлі члены народнага літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне". Яны чыталі вершы, спявалі песні. Дарэчы, на пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Пятро Васільевіч быў членам гэтага аб'яднання.

Госця са сталіцы нават пасля афіцыйнага заканчэння яшчэ доўга не адпускалі, але ён нікому не адмовіў ні ў размове, ні ў аўтографе. Віншуем з юбілеем нашага земляка і зычым чалавечай цеплыні і дабрабыту!

712