Спадарства,
Працягваем тэму гастранаміі на прыкладзе кафейнага сэрвізу.
Парцалянавы сэрвіз для мокі, распісаны золатам, так званы Płaski дызайн. Вырабніцтва парцалянавай фабрыкі Ćmielów. Выраблены ў стылі Art déco (плынь у выяўленчым і дэкаратыўным мастацтве першай паловы XX стагоддзя, якая ўпершыню з'явілася ў Францыі перад Першай Сусветная вайной) у 1910 годзе. Належаў жыхарцы в.Радагошча. Поўны сэрвіз быў разлічаны на 6 асоб, у камплекце дадаткова былі талеркі для сняданку і паднос. Кубачкі былі пазалочаныя знутры. Кожны прадмет сэрвіза мае адбітак з назвай прадпрыемства.
Гэта унікальны рарытэт польскай парцэляны. Такая парцаляна вельмі хутка атрымала прызнанне сярод пакупнікоў і стала іконай арт-дэко польскай парцаляны.
Як вядома, ужыванне кавы было больш распаўсюджана сярод шляхты і багацейшага мяшчанства. Таму нядзіўна, што такім сэрвізам для мокі карысталіся нават у ваколіцах Наваградка. Можна смела сцвярджаць, што аматараў кавы ў Наваградку было шмат. Акрамя таго, і культура піцця кавы тут была добра развіта. Пацверджаннем гэтым словам служаць наступныя факты.
Факт №1. Апісанне рэтуала піцця кавы можна сустрэць у Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”:
Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:
Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,
Дык на падносах, хораша размаляваных,
Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,
Стаялі пазалочаныя філіжанкі,
А побач - дробныя гарнушкі для смятанкі.
Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,
Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,
Жанчына ў доме адмысловая бывае,
Кавяркай званая. Яна і здабывае
У горадзе або ў віціннікаў зярняты
І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,
Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,
Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.
Вядома, чым для кавы добрая смятана,
На вёсцы ёсць яна. Кавярка, ўстаўшы рана,
Паставіць чайнікі, ў малочную ступае
І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае
У дробненькі прыгожы посуд філігранны -
Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.
Факт №2. Як зазначаў у сваім артыкуле Алесь Белы (“Наша гісторыя”, №4, 2018), Адам Міцкевіч з юнацтва любіў каву, больш таго за ім заўважалі празмернае ўжыванне гэтага напою. Можна зрабіць вывад, што coffee addiction (кававая залежнасць) пачалася ў Наваградку.
Яшчэ адным доказам служыць наступны факт. У гэты час жыў у Наваградку лекар Пётр Гнаінскі-Міткевіч, які кінуў выклік кававай залежнасці наваградцаў. Ён вёў дастаткова радыкальную прапаганду супроць ужывання кавы, за што і атрымаў вымову .
Факт №3. У Наваградку заўсёды было шмат кавярняў, таксама было дзе купіць сапраўднай кавы ў зернях.
Вось толькі некалькі прыкладаў, дзе ў горадзе ў часы Першай сусветнай і міжваенны перыяд былі кавярні, крамы, дзе можна было набыць каву:
- вул.Валоўская, крама сясцёр Анэлі і Феліцыі Дзедзелувень (Dziedzielowien) - можна было набыць каву, гарбату, какаву.
- была ў горадзе кавярня (“kawiarenka”) “Свіцязянка”.
- кавярня-клуб “Zjednoczenie”.
- у часы Першай сусветнай вайны дзейнічала “Konditorei und Kaffee für offiziere”, Kirchstraße 46.
Акрамя таго, за кубачкам кавы можна было пасядзець у тутэйшых рэстарацыях.