УРОКІ ХАЛАКОСТУ

Уцёкі з гета 22 снежня 1942 г.

Да Дня Памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня

Мабыць, самы важны ўрок Халакоста складаецца ў тым, каб памятаць не толькі зло, якое ўчынілі адны людзьмі ў адносінах да іншых, але і тыя дробныя кроплі дабрыні, якія выратавалі свет ад глабальнай катастрофы тады, і ад якіх заўсёды будзе залежаць лёс свету.

У гета на вул. Карэліцкай была сям'я Оппенгейма – Шмуэль, яго жонка і трое дзяцей: Ішы (8 гадоў), Рувэн (12 гадоў) і дачка.

Да вайны Шмуэль Оппенгейм правіў швейныя машынкі. Немцы дазволілі спецыялістам узяць з сабой сямʼі, але не дазволілі браць дзяцей, якія не маглі працаваць у майстэрнях працоўнага лагера. Калі пры стварэнні гета 7 жніўня 1942 года немцы ўчынілі ператрус, бо падазравалі, што бацькі ўсё ж такі прывялі з сабой дзяцей, Шмуэль схаваў траіх сваіх у кладоўцы, павесіўшы на дзверы звонку вялізны замок. Немец спытаў: «Хто слесар?» і загадаў Шмуэлю адкрыць дзверы. Той падышоў да дзвярэй, агледзеў замок і сказаў, што ён занадта іржавы, і таму ён не зможа нічога зрабіць. Дзверы засталіся закрытымі, дзеці засталіся жывыя.

Двое яго сыноў, Ішы (8 гадоў) і Руўка (12 гадоў) не маглі заставацца ў гета з-за ўзросту, яны ўцяклі, пакінуўшы ў гета бацьку, маці і сястру. Хлопчыкам пашанцавала, яны змаглі знайсці партызанскі атрад, арганізаваны братамі Бельскімі. У снежні 1942 г. Руўка вярнуўся ў гета, каб забраць сваю сямʼю. Да гэтай групы далучыліся іншыя падлеткі і моладзь старэйшага ўзросту, усяго па сведчаннях Джудзі Бароўскай (народжанай Бярковіч) сабралася 18 чалавек (па сведчанні Джэка Кагана 13-14 чалавек). Джудзі і яе муж Вольф (Велвел) Бароўскі, з якім яны ажаніліся за паўгода да пачатку нямецкай акупацыі, вырашылі сыходзіць разам з імі.

22 снежня быў вельмі халодны дзень. Ішоў моцны снег. Частка ўцекачоў засталася ля калодзежа і схавалася ў занесеных снегам кустах, калі габрэяў з гета прывялі пад аховай па ваду. Іншыя чакалі ночы, каб выйсці праз галоўныя вароты, калі іх адкрыюць. Дамовіліся сыходзіць у лес адной групай.

Уцекачы падрыхтаваліся прашмыгнуць у вароты, калі на тэрыторыю заязджаў грузавік з матэрыяламі для майстэрняў. Джудзі ішла наперадзе, ейны чалавек за ёй. Яна выйшла ўслед за іншымі, перабегла праз вуліцу, азірнулася, чалавека не было. Пазней Велвел ніколі не мог растлумачыць, што з ім адбылося. Ён апісваў гэта як паралізуючы страх, калі ногі перасталі слухацца і не падпарадкоўваліся камандам мозгу. Ён застаўся стаяць перад варотамі, не маючы магчымасці варухнуцца. Што ёй заставалася рабіць? Яна пабегла далей.

Калі ўся група сабралася разам, яны накіраваліся ў бок Літоўкі. Там жыла сямʼя Баброўскіх, у якіх была сувязь з партызанамі. Па дарозе трэба было перасекчы Брацянку, рачулку з хуткай плынню. Тонкі лёд праламаўся, і некалькі чалавек упалі ў ваду. У доме Баброўскіх, куды яны, нарэшце, дабраліся, ім сказалі, што партызан трэба будзе чакаць некалькі дзён. Джудзі забралася на печ, зняла з сябе мокрыя нагавіцы і чаравікі, каб высушыць. Баброўскія ўсіх накармілі гарачым супам, але не маглі пакінуць усю групу ў доме. Партызан трэба было чакаць у лесе.

У гэтай групе смельчакоў быў Ідэль Каган, які таксама прамок, праваліўшыся пад лёд. У лесе яго ногі ў мокрых валёнках хутка змерзлі, так што ён перастаў іх адчуваць і стаў правальвацца ў сон. Зразумеўшы, што замярзае, ён вырашыў вяртацца ў гета.

Па сведчаннях Джудзі Бароўскай пяць чалавек былі вымушаныя вярнуцца ў гета, трое з іх загінулі, двое пазней сышлі з гета праз тунэль і засталіся жывыя. У тым ліку і Ідэль Каган, які змог выжыць пасля таго, як у гета яму ампутавалі адмарожаныя пальцы.

Вярнуўшыся ў Наваградак праз пяцьдзясят гадоў пасля вайны, Джэк Каган (так яго пачалі называць, калі Ідэль уладкаваўся ў Лондане і стаў грамадзянінам Вялікабрытаніі) шукаў каго-небудзь з Баброўскіх. Ён знайшоў іх дачку Марыю. Джэк лічыў, што міска гарачага супу, якую дала яму маці Марыі ў снежні 1942 г., выратавала яму жыццё.

Ён адправіў сведчанне ў Яд Вашэм з просьбай прысвоіць сямʼі Баброўскіх званне Праведнікаў Сярод Народаў Свету. Сакратар амбасады дзяржавы Ізраіль у Беларусі ўручыў грамату і медаль Марыі Баброўскай у 1997 г.

На месцы іх спаленага дому ў памяць аб Францы і Францішцы Баброўскіх, забітых нацыстамі за тое, што ў гады Халакоста яны ратавалі яўрэяў, а таксама ў памяць аб іх дзецях, якія не выдалі яўрэйскую дзяўчынку, калі ў хату наляцела паліцыя з ператрусам, будзе ўсталяваны памятны знак.

760