Жыццё, вартае песні

6 верасня, у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася імпрэза, прысвечаная 75-годдзю вядомага краязнаўцы Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча. На імпрэзе прысутнічалі супрацоўнікі музея, сябры і паплечнікі юбіляра, а таксама прадстаўнікі школ, у якіх працаваў Валерый Міхайлавіч, яго былыя калегі і вучні.

Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч... Асоба з Вялікай літары, мужчына з Вялікай літары, чалавек з Вялікай літары. Гэты рад можна доўжыць і доўжыць, а на розум будуць прыходзіць усё новыя і новыя словы. І кожнае з іх праўдзівае, ад самага сэрца, прадуманае і ўзважанае. Ёсць на нашай беларускай зямлі такія людзі – пратуберанцы нацыі, сапраўдныя патрыёты, шукальнікі, энтузіясты. Такім быў, ёсць і будзе наш юбіляр, якому днямі споўніцца 75 гадоў.

Валерыю Міхайлавічу пашчасціла нарадзіцца ў сям’і самага мудрага на свеце бацькі – Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, заснавальніка і першага дырэктара Дзятлаўскага краязнаўчага музея. Менавіта сямейная атмасфера любові і ўзаемапавагі паспрыяла таму, што хлопчык вырас цікаўным, жвавым і разумным, неабыякавым да таго, чым займаўся тата, яго сябры – пісьменнікі і гісторыкі, якія часта наведваліся да бацькі. І той энтузіязм, самаадданасць, патрыятызм, якія кіравалі ўчынкамі бацькі, перадаліся і яму. Не адразу, з гадамі, з прыходам жыццёвага вопыту і разумення сапраўдных каштоўнасцей, адна з якіх – вера ў свой народ і свой родны край.

У Дзятлава Валерый Міхайлавіч прыехаў зусім маладым хлопцам. Выкладаў фізкультуру, адразу ўзяў пад сваё крыло таленавітых да спорту хлопцаў і дзяўчат, пачаў рыхтаваць іх да розных спаборніцтваў. Заняў вольны час, дапамог зразумець сілу і радасць фізічных нагрузак, паходаў, водных сплаваў.

У Дзятлаве знайшоў асабістае шчасце, сустрэў сваю адзіную, самую лепшую на свеце жанчыну – Наталлю Георгіеўну, з якой яны пражылі пяцьдзясят гадоў душа ў душу, выгадавалі і дапамаглі выбраць жыццёвы шлях дваім дзецям, сыну Аляксею і дачцы Таццяне. На жаль, сёлета каранавірус забраў Наталлю Георгіеўну. Але хіба любячае сэрца калі-небудь забудзе сваю каханую? Гэта была сапраўдная сям’я аднадумцаў, людзей, якія раздзялялі погляды адзін аднаго, падтрымлівалі і бераглі сваю палавінку на працягу ўсяго жыцця.

Валерый Міхайлавіч і для мяне стаў сапраўдным сябрам і аднадумцам. Гэта здарылася яшчэ ў СШ№3, дзе мы разам працавалі адзінаццаць гадоў. Але асабліва мы зблізіліся пасля таго, як перайшла на працу ў краязнаўчы музей. Сумесныя паездкі на турыстычныя маршруты, пошукі каштоўных экспанатаў і партызанскіх мясцін, музейныя мерапрыемствы, расказы пра гісторыю Дзятлаўшчыны, у якую толькі пагружалася – усё гэта поруч з Валерыем Міхайлавічам. І мая яму дапамога ў наборы артыкулаў на камп’ютары, што таксама прыносіць задавальненне ад зносін, размоў, гумару і добрага сяброўскага слова. Бо Валерый Міхайлавіч – сапраўдны краязнаўца, які сваімі нагамі выхадзіў усе сцежкі-дарожкі малой радзімы, ведае кожны яе куток.

З узростам усё часцей думаешь пра тое, што пакінешь пасля сябе, што застанецца людзям ад тваёй душы, думак, пачуццяў. Большасць з нас сыходзіць бясследна, не пакінуўшы і маленькага знаку ў гісторыі роднай зямлі. Але такога нельга сказаць пра Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча. Чаго толькі варта задума паставіць помнік заснавальніку Дзятлава Канстанціну Іванавічу Астрожскаму! Колькі сіл і часу было патрачана на арганізацыю самога працэсу, збор подпісаў, а сёння – збор сродкаў. А сама ініцыятыва? Яна магла прыйсці ў галаву толькі такому адданаму малой радзіме чалавеку, як наш юбіляр.

У суботу, 28 жніўня, у Зачэпічах праходзіла 5-е, юбілейнае, абласное літаратурнае свята паэзіі, прысвечанае заходнебеларускім паэтам-землякам Праменю, Струменю і Граніту, якім у Зачэпічах пастаўлены памятны знак. Ініцыятарам знака і самога свята таксама быў Валерый Міхайлавіч. Пад яго патранажам мерапрыемства і праходзіць кожны год у канцы жніўня. На свята збіраюцца аднадумцы – паэты і пісьменнікі з Гродна, Ліды, Слоніма, Наваградка і іншых гарадоў вобласці. Сёлета Валерый Міхайлавіч стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса. Прэмія прысуджалася раней толькі літаратарам за лепшую кнігу года. А вось у гэтым годзе яе вырашылі даць не паэту і не пісьменніку, а захавальніку літаратурнай спадчыны на Дзятлаўшчыне. Дарэчы, сёлета таксама не без удзелу Валерыя Міхайлавіча выйшаў літаратурны альманах  Дзятлаўшчыны “Ятранка”.

Часта кажуць: узнагарода знойдзе свайго героя. Яно сапраўды так. Калі чалавек бескарысліва служыць Бацькаўшчыне, аддае апошнія сілы на добрую справу, Бог беражэ яго і ашчаджае. І пакідае нам для прыкладу і самаўдасканалення. Так і Валерый Міхайлавіч, перажыўшы цяжкую хваробы і застаўшыся пасля яе скалечаным, на мыліцах, працягвае ініцыіраваць новыя праекты. А сёлета перанёс яшчэ і ковід, але выстаяў і актыўна працуе. Хутка з друку выйдзе яго краязнаўчая кніга, складзеная з артыкулаў па гісторыі Дзятлаўшчыны.

Дай Бог здароўя юбіляру і доўгіх гадоў жыцця, бо невядома, хто зможа пераняць яго эстафету краязнаўцы і годна несці яе праз гады і жыццёвыя выпрабаванні. Жыццё яго вартае песні. І, можа быць, хтосьці з сяброў-паэтаў, беларускіх бардаў, напіша для яго такую песню.

 Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея.

718