Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Калядныя цуды»


Назва свята – Каляды – мае язычніцкія карані. Лічыцца, што яна ўтварылася ад слова “кола”, што азначае “сонца”. Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага года – як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Але калі на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Нараджэнне Хрыстова, а канцом – Вадохрышча. Каталікі пачынаюць святкаваць 25 снежня, а заканчваюць 6 студзеня, а праваслаўныя вернікі адзначаюць свята з 6 па 19 студзеня.

У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб адзначыць гэта прыгожае і ўрачыстае свята.

Традыцыі святкавання Калядаў і Новага года так і засталіся ў тым ці іншым выглядзе, нягледзячы на вельмі моцныя змены ў акаляючым асяроддзі чалавека.

Працы нашых даследчыкаў, якія прадстаўлены на экспазіцыі, даюць магчымасць вярнуцца да сваіх каранёў, узгадаць сваіх бабуль і прабабуль, праспяваць тыя песні, якія гучалі і сто, і болей гадоў таму…

На экспазіцыі прадстаўлены наступныя тэмы:

  1. Беларускія святы і звычаі.
  2. Як шляхта Каляды спраўляла. Шляхецкія забавы.
  3. Адлюстраванне зімовых святаў у творчасці пісьменнікаў і даследчыкаў. Літаратурная традыцыя віншаванняў і святкавання Калядаў і Новага года.

Зімовую атмасферу ствараюць мастацкія працы з фондаў музея:

  1. Фёдар Кісялёў “Зіма ў горадзе А.Міцкевіча”. 2017 г.
  2. Віктар Барабанцаў “Міцкевіч і Шапэн. Варшаўскія сустрэчы”. Мінск. 1998 г.
  3. Юрый Піскун “На куццю”. Мінск. 2002 г.
  4. Л. Рыжыкаў-Віктароўскі “Адліга”. 1990 г.
  5. Мікалай Рыжоў “Зіма”.

Выстава будзе дзейнічаць па 23 студзеня 2022 года.

447