Лекцыя «Абрад „Дзяды“ в. Дрэбск»

Абрад “Дзяды”

в. Дрэбск

Дзяды адзначаюць 3-4 разы ў год. Гэта “Піліпаўскія” (Калядныя), “Вялікага пата” (Вялікодныя), “Траецкія” (Сёмушныя).

На стол ставяць свечку, хлеба перапечку. Таксама ставяць пусты посуд, на якім пакідаюць страву для набожчыкаў.

У цэнтры стала ставяць міску, у яе наліваюць вады, салодзяць і кладуць кавалачкі белага хлеба. Гэта страва называецца – кана. Абрадавыя стравы вараць з рыбай, грыбамі, алеем. Травы ставяць на прыпячку, там жа травяць посуд, на які кладуць гарачае вуголле і кавалачак свечкі. Калі свечка задыміць, бяруць у рукі, перахрышчваюцца, чытаюць “Отчэ наш…” і затым гэтай талеркай абносяць стравы на стале і прыпячку, прыгаворваючы:

Памяні, Гасподзі, дзяды, прадзяды,
Бабы, прабабы пісаныя, нам пісаныя,
Чытаныя, нячытаныя.
Памяні іх, Госпадзі.
Памяні іх, Госпадзі.
Памяні іх, Госпадзі.

І талеркай, і вуголлем абносяць тры раз вакол страў. Потым талерку з вуголлем ставяць на стол.

Перахрышчаную кану пракідаюць нябожчыкам, спрабуюць тры разы, затым кану прыбіраюць, ставяць квас, суп, кашу. Кожную страву перахрышчваюць і пракідаюць нябожчыкам, а затым едзяць. Таксама праліваюць нябожчыкам гарэлку.

У час вячэры ні ў якім разе не трэба абапірацца аб стол: кажуць, што цылый год будуць ворагі нападаць.

У канцы застолля даядаюць кану (памяць). Асабліва яе хапаюць дзеці, каб была добрая памяць.

Затым у гэты самы посуд л`юць ваду, абмокваюць тры пальцы, склаўшы іх, як пры хрышчэнні, і змочваюць спачатку далонь, а затым вусны (тры разы). Выцерці трэба тыльныс бокам абруса. Посуд не мыюць, лыжку пераварочваюць і складаюць у гуру. Талерку для нябожчыкаў таксама не прыбіраюць (ежу раніцай выкідваюць курам). Затым, памаліўшыся Богу, дзякуюць за вячэру.

Благадарным ця хрысце, Божэ наш,
Яко насціў нас, ясі земных
Тваіх благ
Не лішы нас небесного твоего
Царствія
За хлеб, за дар Божы, за вячэру.

І яшчэ ўся сям`я прысядае на хвіліну за стол. Кажуць, што ў каго ёсць пчолы, то каб нікуды не ляцелі к чужым, а ляцелі ў свой вулей.

Запісана са слоў жыхаркі в. Дрэбск
Казун Ніны Сяменаўны, 1945 г.н.

674