Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа: Якуб Колас у Дзятлаве

Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Якуб Колас у Дзятлаве

Кароткая гістарычная даведка: Нарадзіўся Якуб Колас 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў простай сялянскай шматдзетнай сям’і. Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў 1902 годзе. За ўдзел ў рабоце нелегальнага настаўніцкага з’езда ў 1906 годзе асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войн. З 1921 года жыў, вучыўся і працаваў ў г. Мінску. Празаік, паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР, акадэмік АН БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР, неаднаразовы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Лаурэат Сталінскай прэміі I і II ступені, узнагароджаны пяцю ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём”Партызану Айчыннай вайны” I ступені. Памёр 13 жніўня 1956 года.

Якуб Колас вядомы нам больш як празаік, паэт. Кожны беларус у свой час чытаў яго паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”. На вершы паэта напісаны шматлікія музычныя творы. Ён выступаў за чысціню беларускай мовы і з’яўляўся навукоўцам у галіне беларусазнаўства. Паэта называлі песняром сярмяжнай сялянскай душы. Менш вядомыя старонкі жыцця Якуба Коласа, звязаныя з яго дэпутацкай, грамадскай дзейнасцю.

Згодна з Канстытуцыяй БССР ад 1937 года ў склад Вярхоўнага Савета БССР патрэбна было выбраць аднаго дэпутата ад 20 тысяч выбаршчыкаў. Выбаршчыкі Дзятлава і навакольных вёсак у 1954 годзе ўваходзілі ў склад Навагрудскай выбарчай акругі. У Вярхоўны Савет СССР выбары адбыліся 14 сакавіка 1954 года. Выбары ў Вярхоўны Савет БССР былі прызначаны на канец года.

“Восенню 1954года ў пасёлак Дзятлава прыехаў кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, больш вядомы як Якуб Колас. Разам з ім быў яго сябар, беларускі паэт Максім Лужанін. Сустрэча была прызначана ў памяшканні Дзятлаўскага дома культуры, які размяшчаўся па вуліцы Чырвонаармейскай. Перад сустрэчай з выбаршчыкамі Якуб Колас у суправаджэнні прадстаўнікоў раёна пехатою абышоў ваколіцы Дзятлава. Ён адзначаў, что на палях вельмі шмат камення,”– успамінае сведка той сустрэчы, ветэран педагагічнай працы Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч. Затым кіраўнікі раёна і прадстаўнікі грамадскасці накіраваліся на сустрэчу з Якубам Коласам. Ад выбаршчыкаў даручана было выступіць Валуевічу А.А. з прамовай на 5-7 хвілін. Выступленне яго было праверана супрацоўнікамі аддзела агітацыі і прапаганды райкама партыі. Ён успамінае, што першым выступіў сакратар райкама Нікіценка. У сваёй прамове выступоўца спыніўся на вытворчых дасягненнях раёна. Затым выступіў Валуевіч А.А. Сваё выступленне ён скончыў словамі з верша ”Мой родны кут, як ты мне мілы…”. Выступіў з прамоваю і Якуб Колас, які расказваў пра развіццё БССР і адзначыў дасягненні нашых працаўнікоў.

Запомнілася Валуевічу А.А., што сказаў Я.Колас пра Дзятлаўскі раён: “Бедны ваш раён, бедны, але вы сваімі рукамі і розумам станеце багатымі”.

Пасля ўдзельнікі сустрэчы сфатаграфаваліся на памяць разам з Якубам Коласам, а ў зале аддзела міліцыі адбыўся святочны прыём.

Пасля смерці Якуба Коласа, у жніўні 1956 года, адбыліся давыбары дэпутата. Ім стаў вядомы беларускі паэт Пятрусь Броўка.

Адзін з экзэмпляраў фотаздымка сустрэчы знаходзіцца ў сямейным альбоме Несцярэўскага Мікалая Лаўрэнцьевіча, вядомага мастака-кераміста. Ён тады працаваў інструктарам Дзятлаўскага раённага дома культуры. Дзякуючы гэтаму фотаздымку і была ў 2013 годзе напісана карціна “Якуб Колас у Дзятлаве”. 

Сёння яна знаходзіцца ў фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і часта экспануецца на выставах. Наведвальнікі музея могуць убачыць на карціне постаці народнага паэта БССР Якуба Коласа, Уладзіміра Мацюка, разьбяра па дрэве, які працаваў тады ў Доме культуры, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Ілюшанка, сакратароў райкама Нікіценкі і Болазева, інструктара райкама Кавальчука, інструктараў Дома культуры Несцярэўскага Мікалая і Хацяневіча Леаніда, сястру мастака Несцярэўскага Вольгу Сідар і іншых.

Міхаіл Лук'янчык, краязнаўца

584