Трагічны снежань: 80 год са дня гібелі Іосіфа Юр’евіча Філідовіча 

Трагічны снежань: 80 год са дня гібелі Іосіфа Юр’евіча Філідовіча

Снежань 1942 года стаў для Дзятлаўшчыны жудасным месяцам, часам выпрабаванняў на мужнасць, сілу духу, часам масавых акцый па знішчэнні насельніцтва розных нацыянальнасцей: беларусаў, рускіх, яўрэяў, палякаў. Але снежань 1942 года на многія дзесяцігоддзі запомніўся і як час бессмяротнага подзвігу нашага земляка, ліпічанскага Сусаніна – Іосіфа Філідовіча. Сёння мы дзелімся з чытачамі ўспамінамі Івана Елізаравіча Калмыкова, начальніка знакамітага партызанскага шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння.

І.Е.Калмыкоў нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Сухі Атрог Балакаўскага раёна Саратаўскай вобласці. Член КПСС з 1946г. З 1939 года служыў у радах Чырвонай Арміі, быў механікам-вадзіцелем бронемашыны ў 26-м танкавым палку 13-й танкавай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі.

У партызанскім руху Беларусі ўдзельнічаў з 17 чэрвеня 1942 года. Быў радавым партызанскага атрада №3649 (“Перамога”), са снежня 1942 года – начальнік шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння, а з лютага 1944 – камандзір узвода партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі” Ленінскай брыгады Шчучынскага аб’яднання. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

Пасля вайны жыў і працаваў у гарадскім пасёлку Дзятлава.

- Лета 1942 года. У Ліпічанскай пушчы ўжо дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў. Яны ўсё актыўней наносілі ўдары па акупантах. Безумоўна, у час сутычак з праціўнікам былі параненыя і сярод партызан. Іх звычайна пакідалі пад апеку мясцовых жыхароў.

Помню, партызаны атрадаў, якімі камандавалі Б.А.Булат, П.І.Булак нанеслі ўдар па варожым гарнізоне ў мястэчку Дзярэчын Зельваенскага раёна. Шмат фашысцкіх захопнікаў было забіта і паранена. Але ў ходзе бою атрымалі раненне і некалькі партызан. У той абстаноўцы, якая склалася, іх нельга было пакідаць на хутарах. Там маглі загінуць яны самі, а разам з імі і тыя, хто іх хаваў.

І вось тады востра паўстала пытанне, дзе размяшчаць параненых і хворых. Адбылася нарада камандзіраў. Было прынята рашэнне стварыць аб’яднаны партызанскі шпіталь, падабраць для гэтай мэты бяспечнае, ціхае, зручнае месца дзе-небудзь у глыбіні лесу, пабудаваць там зямлянкі. Пакуль было цёпла (лета 1942 года), наш шпіталь размяшчаўся ў палатках сярод лесу (у “Бураломе”), каля вёскі Астраво Зельвенскага раёна.

Я быў паранены яшчэ ў час нашай засады каля гарадскога пасёлка Казлоўшчына і знаходзіўся на лячэнні ў селяніна Караля ў вёсцы Голі Зельвенскага раёна. Але, калі раны пачалі зажываць, мне, які ўжо мог хадзіць на кастылях, было даручана арганізаваць і ўзначаліць шпіталь. Вось ніколі не думаў, што давядзецца займацца такой работай: токар, механік-вадзіцель бронемашыны, партызан, і раптам – начальнік шпіталя. Урача запрасілі з мястэчка Дзярэчын. Ён прыйшоў у партызаны пасля разгрому нямецкага гарнізона. Разам з ім прыйшла і медыцынская сястра цёця Лена, як звалі яе параненыя.

Першапачаткова ў шпіталі знаходзіліся на лячэнні каля дзесяці партызан. Ішоў час. Барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў актывізавалася. Павялічылася колькасць партызан, больш праводзілася баявых аперацый. У сувязі з гэтым узрасла колькасць параненых. Безумоўна, узнікала шмат розных праблем. Па-першае, патрэбны быў медыцынскі персанал і персанал для абслугоўвання, па-другое, забеспячэнне аховы, па-трэцяе, забеспячэнне харчаваннем, матэрыяламі і медыкаментамі.

Згодна з нашым хадайніцтвам камандаванне атрада  №3649 выдзеліла і залічыла ў штаб шпіталя групу партызан. Усе яны атрымалі пэўны ўчастак работы. Але для лячэння параненых патрабаваліся медыкаменты. Ад мясцовага насельніцтва, ад нашых сувязных, якія рызыкавалі жыццём, мы атрымалі неабходную дапамогу. Перадыслацыраваўшыся ў Дубароўшчынскі лес, мы размясціліся ў палатках. З наступленнем халадоў трэба было падабраць другое месца. У вырашэнні гэтага пытання дапамог наш сувязны Іван Іосіфавіч Філідовіч з вёскі Пушча Ліпічанская Дзятлаўскага раёна. Сям’я Філідовічаў пастаянна нам дапамагала, за што старэйшы з сям’і – Іосіф Юр’евіч аддаў жыццё.

А здарылася гэта вось як.  У час блакады ў снежні  1942 года фашысты вельмі блізка падышлі да вёскі. Ведаючы пра тое, што карацелі набліжаюцца, я прапанаваў Іосіфу Юр’евічу разам з сям’ёй часова перабрацца да нас. Але ён адмовіўся, заявіўшы, што параненыя партызаны могуць не хвалявацца – ніхто з Філідовічаў не выдасць ворагу месца размяшчэння шпіталя.

У сярэдзіне снежня раніцай усе жыхары вёскі Пушча Ліпічанская прачнуліся ад гукаў матораў нямецкіх машын, узрываў снарадаў, кулямётных і аўтаматных чэргаў. Фашысты вялі наступленне на партызан. Яны ішлі шчыльным ланцугом. Група карацеляў акружыла хату Філідовіча і арыштавала ўсіх, хто ў ёй знаходзіўся. Відаць, нехта данёс, што гэта сям’я ведае, дзе дыслацыруюцца партызаны. Фашысты вывелі Іосіфа Юр’евіча, яго ўнука Фёдара з маці і пачалі патрабаваць, каб яны паказалі месца, дзе знаходзяцца партызаны. Філідовічы адказвалі, што нічога не ведаюць. Акупанты падпалілі хату і павялі арыштаваных да пясчанага кар’ера. Адзін з карацеляў накінуў Фёдару на шыю пятлю з вяроўкі, а другія нагнулі маладую бярозу і пачалі канец вяроўкі прывязваць да яе верхавіны.  Стары не вытрымаў і заявіў:

–       Адпусціце яго, я павяду вас.

Фашысты згадзіліся, пайшлі за ім… Гэта быў апошні шлях Іосіфа Юр’евіча. Толькі ў сакавіку 1943 года цела Філідовіча было знойдзена партызанамі, прычым зусім у працілеглым баку ад шпіталя – у балоцістай мясцовасці. Ён ляжаў уніз тварам, у патыліцы знойдзены дзве раны ад кулі.

З дапамогай сына Іосіфа Філідовіча – партызанскага сувязнога Івана Філідовіча – было падабрана месца для нашай пастаяннай стаянкі. Сапраўды, яно аказалася на дзіва зручнае: востраў, плошчай каля аднаго гектара, знаходзіўся пасярод велізарнага непраходнага балота. Як сам востраў, так і балота былі пакрыты густым лесам. Прайсці на яго можна было толькі ў адным месцы па спецыяльных кладках. Чалавек, які не ведаў гэтага праходу і рызыкаваў дабрацца туды, быў асуджаны на гібель.

На востраве закіпела работа. Для аказання дапамогі прыйшла сюды група партызан. Выкарыстоўваючы рэльеф мясцовасці, мы рабілі зямлянкі тыпу пячор, што забяспечвала добрую маскіроўку зверху. Да 12 снежня 1942 года ўсе работы былі ў асноўным завершаны, і для хворых наладзілі ўваходзіны.

У снежні 1942 года адбылася вельмі важная падзея. На базе атрадаў “Перамога”, імя Варашылава і “Барацьба” ўзнікла Ленінская партызанская брыгада. Камандзірам яе стаў Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, начальнікам штаба – Барыс Адамавіч Булат. Стварэнне брыгады станоўча адбілася і на нашай рабоце. Фактычна і раней у шпіталі лячыліся параненыя ўсіх партызанскіх атрадаў і груп, аднак клопат пра іх ляжаў у асноўным на атрадзе “Перамога”. Зараз шпіталь перайшоў у падначаленне штаба аб’яднання, а ў сувязі з гэтым палепшылася забеспячэнне ўсім неабходным.

Ледзь толькі мы паспелі назапасіць асноўныя прадукты харчавання, пасцельныя прыналежнасці, медыкаменты, як акупанты ў сярэдзіне снежня 1942 года пачалі наступленне на партызан. Гэта была сапраўдная блакада (мы называлі яе першай блакадай).

Фашысты разлічвалі заціснуць Ленінскую брыгаду ў вусце рэк Шчара і Нёман. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі рэгулярныя вайсковыя часці акупантаў.

На працягу некалькіх дзён партызанскія атрады вялі зацяжныя баі. Калі ж навісла пагроза акружэння, давялося змяніць тактыку. Камандзір брыгады Ф.М.Сінічкін загадаў прарывацца на двух кірунках – на паўднёвы ўсход, у бок Налібоцкай пушчы, і на паўднёвы ўсход, у бок лесу, размешчанага паміж Слонімам і Баранавічамі, ва ўрочышчы “Воўчыя норы”. Умела манеўрырыючы, выкарыстоўваючы ледзь прыкметныя сцяжынкі, асноўныя сілы партызан выйшлі з кальца.

У шпіталі знаходзілася некалькі дзясяткаў цяжкапараненых і хворых партызан. Лёгкапараненыя заставаліся ў атрадах і там абслугоўваліся сваімі медыцынскімі работнікамі. Што было рабіць нам? У гэтай складанай сітуацыі камбрыг загадаў: параненым і медперсаналу заставацца на месцы, нічым сябе не выдаваць.

Мы прынялі неабходныя меры перасцярогі: замаскіраваліся так, каб не было нават падазрэння, што тут калі-небудзь знаходзіліся партызаны. Кладкі ўбралі і схавалі. Размову вялі шэптам. Ніхто не меў права выйсці за межы шпіталя. Паліць вогнішчы забаранялася. Кожнаму выдалі сухі паёк.

Усе схаваліся ў зямлянках і чакалі. Побач чулі страляніну, нямецкую гаворку. Здавалася, вось-вось прыйдзе бяда. Дні здаваліся гадамі. А блакада працягвалася два тыдні. Потым у Ліпічанскую пушчу пачалі вяртацца нашы атрады.

Восемдзясят гадоў праляцела з той далёкай зімы, а памяць жыве. У самым цэнтры Дзятлава стаіць помнік – сімвал подзвігу Іосіфа Юр’евіча Філідовіча. Помнік узведзены ў 1980 годзе, архітэктар праекта А.Салятыцкі. Крочыць Іосіф Ю’евіч у вечнасць, каб напомніць новым пакаленням: вайна – самая бесчалавечная з’ява на свеце.

  Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

569