Выстаўка «Касмічнае падарожжа» Галіны Горавай


У Мастацкай галерэі адкрылася выстаўка Галіны Горавай «Касмічнае падарожжа».
Галіна Горава з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў, на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў прымае ўдзел у рэспубліканскіх і замежных мастацкіх выстаўках. Працуе ў галіне станковага жывапісу. Таксама мастачка займаецца выкладчыцкай дзейнасцю, яна дацэнт кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.
Выстаўку пад назвай «Касмічнае падарожжа» Г. Горава прысвяціла вядомаму беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу - унікальнай асобе ў беларускай культуры. Ён быў не толькі таленавітым мастаком, але і аўтарам даследаванняў, прысвечаных касмічнай тэматыцы, што знайшло сваё адлюстраванне ў яго творчасці. Галіна Горава ў сваю чаргу займаецца вывучэннем творчай спадчыны Я. Драздовіча, з’яўляецца аўтарам даследавання “Касмалагічныя тэзісы Язэпа Драздовіча ў кантэксце еўрапейскай касмалогіі і астраноміі”. У сваёй творчасці мастачка працягвае касмічную тэму. Жывапісныя творы Галіны Горавай напоўнены дзівоснымі краявідамі, падобнымі на міражы. Гэта спроба візуальнага асвойвання касмічнай прасторы. Аўтарская серыя карцін «Світанне ў Сонечнай Сістэме», прадстаўленая на выстаўцы, дапоўнена інфармацыйна-пазнавальным матэрыялам.
Выстаўка працуе з 10.00 да 18.00 кожны дзень, акрамя панядзелка, па адрасе: вул. Стралецкая, 4а-4.

243