Выстава «Мірскі замак у кіно»


8 лістапада 2014 года ў кінатэатры «Перамога» ў 18.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Мірскі замак у кіно» прысвечанае 90-годдзю беларускага кіно.

Мірскі замак не раз станавіўся маляўнічай дэкарацыяй для рознапланавых кінакарцін. Так, у замку і яго наваколлі было знята каля дзесятка фільмаў, сярод якіх такія кінастужкі, як «Пан Тадэвуш», «Тры вясёлых змены», «Пані Марыя», «Ярмолавы», «Снайпер. Зброя адплаты» і інш.
Першай працай, дзе прысутнічаў на кадрах Мірскі замак, з'яўляецца фільм «Пан Тадэвуш», зняты ў 1928 годзе рэжысёрам Рычардам Ардынскім. На жаль, поўная яго версія не захавалася.

На працягу некалькіх гадоў вялася рэстаўрацыя ўцалелых кадраў, і цяпер, фільм у лічбавым варыянце могуць паглядзець усе, хто любіць паэму класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча. Музыку да гэтага фільма напісаў сучасны польскі кампазітар Тадэвуш Вазняк. Яго рэ-прэм'ера адбылася 9 лістапада 2012 г. у Варшаве.

Са слоў Тадэвуша Кавальскага, дырэктара Нацыянальнай фільматэкі Польшчы, бюджэт гэтага фільма перавышаў пяцьсот тысяч злотых, у той час як легкавы аўтамабіль каштаваў каля двух з паловай тысяч злотых. Падчас Другой сусветнай вайны копіі фільма былі вывезены з Польшчы. Значная іх частка загінула. Вярнулася толькі 40 хвілін фільма, першапачатковая працягласць якога складала каля трох гадзін. Праз некаторы час, у 2006 г. ва Вроцлаве, выпадкова была выяўленая няпоўная копія гэтага ж фільма. Спалучыўшы абедзьве копіі, спецыялісты аднавілі 120 хвілін арыгінальнага фільма Рычарда Ардынскага. У ім сабраны найбольш яркія моманты, апісаныя ў паэме Адама Міцкевіча: карціны жыцця, побыту і нораваў польскай шляхты. Дзеянні адбываюцца ў пачатку XIX стагоддзя, у багатай шляхецкай сядзібе.

Паглядзець нямы фільм «Пан Тадэвуш» з жывым музычным суправаджэннем Марчына Пукалюка можна будзе пасля ўрачыстага адкрыцця выставы «Мірскi замак у кіно». Кінастужка будзе паказана ў пазаконкурснай секцыі «Рарытэт» XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Выстава працягнецца да 20 снежня.

52