Выстаўка графікі Валерыя Славука і жывапісу Георгія Скрыпнічэнкі


28 лістапада адбылося адкрыццё выстаўкі графікі Валерыя Славука і жывапісу Георгія Скрыпнічэнкі.

Валерый Пятровіч Славук, вядомы сярод айчынных і замежных мастакоў як “беларускі Дзюрэр”, працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў на кафедры графікі. Прафесар. Мастак валодае невычарпальнай і шматграннай фантазіяй. Работы В. Славука – сапраўдны “дапаможнік” для вывучэння беларускага фальклору. З яго работ мы даведваемся, што і ў наш час у прасторы лясоў, палёў і рэк, у хатах нашых бабуль жывуць гарцукі, вадзянікі, і нячысцікі, марозам распараджаецца Зюзя, а лесам – Лясун, што ў вужоў ёсць свой Цар з залатой каронай на галаве. Вобразы Валерыя Славука страшныя, смешныя, злыя, добрыя, худыя, валасатыя, няўклюдныя, спрытныя, зубастыя… Высокая якасць афортаў, дзівосная разнастайнасць – вось асноўныя характарыстыкі работ мастака. У сусвеце яго малюнкаў можна вандраваць бясконца – кожны штрых строгай графікі прадуманы, “працуе” на агульную канцэпцыю і разам з тым жыве самастойным жыццём. У ліку мастакоў, чыя творчасць аказала на яго моцны ўплыў, называе Брэйгеля і Босха. Мастак гаворыць, што каб прыйшло натхненне для пэўнай работы, патрэбна пачаць працаваць. “Толькі ў працэсе работы раптам адчуеш асаблівы стан душы. Калі нешта трапешчацца. І ўжо на дзесяць твораў наперад ведаеш, што рабіць. Так што натхненне пачынаецца з чыстага ліста паперы. І калі пастаўлены тэрмін здачы работы. Гэта таксама не дае расслабіцца. Хаця быў год, калі я не працаваў – нічога не хацелася. І не атрымлівалася. Мяне вабіць чысты ліст: пачынаю з нейкай дэталі, скажам, малюю траву, галінку – і паступова разгортваецца ўся карціна”.

Георгій Сяргеевіч Скрыпнічэнка – знакавая фігура ў беларускім выяўленчым мастацтве, яго часам называюць “наш Сальвадор Далі” і “майстра галаваломак”. Жывапісныя галаваломкі Г. Скрыпнічэнкі ўварваліся ў беларускае мастацтва і прывялі ў замяшальніцтва гледача сюррэалістычным поглядам на рэчаіснасць. Яго работы дэкаратыўныя і адкрыта эпатажныя. На яго палотнах суіснуюць жахлівае і прыгожае, камічнае, узвышанае і трагічнае. У іх ёсць пазнавальныя краявіды, вобразы землякоў, вяскоўцаў, партрэты гістарычных асоб, складаныя калізіі сучаснасці і зварот да наступстваў экалагічных катастроф. Георгій Скрыпнічэнка звяртаецца да ўніверсальных паняццяў, адаптуючы іх да беларускіх рэалій. Яго творы ўспрымаюцца як сучасная відэаверсія беларускіх чарадзейных казак, дзе чорт і анёл час ад часу мяняюцца ролямі. Выяўленчы код, якім карыстаецца мастак, дазваляе яму быць адначасова паўсюль і ва ўсе часы, не выходзячы з майстэрні. Каб вандраваць па прасторы часу, не трэба адмысловай машыны - дастаткова зазірнуць ва ўласную душу. Зазірнуць і жахнуцца. Альбо ўзрадавацца. Як пашчасціць... Спадзяемся, што натхненне мастакоў, іх дух і светапогляд не пакінуць нікога абыякавым, бо народжаныя імі творы прымушаюць задумацца, засяродзіцца, здзівіцца і зноў натхняцца.

436