Выездной семинар «Сожжённые деревни», посвященный 70-й годовщине Победы в Великой Отечественной войне

17 октября 2015 года Лунинецкий районный краеведческий музей инициировал выездной семинар «Сожжённые деревни». Посвятили мероприятие 70-й годовщине Победы в Великой Отечественной войне.

“Углядайся, мой сыне, пільней углядайся
Ў святыя абрысы бацькоўскай зямлі…”
Радкі з верша беларускага класіка сталі лейтматывам выязнога семінара раённага краязнаўчага музея па “вогненных вёсках”.
За падтрымку мерапрыемства дырэктар Н.Б. Благадзёрава ўдзячна аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі, а таксама адукацыі, спорту і турызму. Як і летась, да ўдзелу ў праграме яна запрасіла, перш-наперш, выкладчыкаў.
–Для большасці людзей Вялікая Айчынная вайна застаецца болем душы, на які немагчыма не адгукнуцца, – адзначыла Наталля Барысаўна. – І ўдзельнікі нашай невялікай, але прадстаўнічай дэлегацыі ўбачылі настаўнікаў-патрыётаў, якія любоўю да малой радзімы захапляюць вучняў. Сустрэчы былі прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. І ў чарговы раз наглядна пераконвалі – беларусаў бы знішчылі ці анямечылі, калі б не перамагла Чырвоная Армія і савецкі народ…
Ленін
Сёлета семінар перасягнуў межы нашага краю і нават Брэстчыны. Сустрэчы пачаліся з вёскі Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Дырэктар мясцовай СШ-дзіцячы сад Сяргей Аркадзевіч Бачышча з прыкметным задавальненнем паведаміў аб стварэнні тэматычных класаў – праваслаўнай культуры і лясной гаспадаркі. Асаблівым гонарам школы з’яўляецца краязнаўчы музей, што знаходзіцца ў размешчанай побач сядзібе. Яна захавала інтэр’ер звычайнай палескай хаты з прыладамі сялянскага побыту і грубкай пасярэдзіне. Асобныя пакоі захавалі бібліятэку на розных мовах твораў У.І. Леніна (у часы СССР жыхары сцвярджалі, што менавіта ад іх паселішча ўзяў псеўданім правадыр сусветнага пралетарыяту), а таксама прыцягваюць вітрынамі і стэндамі з адлюстраваннем багатай гісторыі вядомага з сярэднявечча радзівілаўскага маёнтка. Шырока прадстаўлены тэмы Халакосту – знішчэння яўрэйскага насельніцтва, нацысцкага генацыду, у выніку якога 1046 жыхароў Леніна былі забіты і 351 двор – спалены.
Экскурсію па музею правяла адна з яго стваральніц і хавальніц – настаўніца Людміла Міхайлаўна Таненя. Сваёй дасведчанасцю і захопленасцю яна зрабіла вялікае ўражанне на лунінчан. Не хаваў здзіўлення 9-класнік Лунінецкай гімназіі Уладзімір Назараў:
–Упершыню ўдзельнічаю ў такім падарожжы. Знешне – звычайная вёска, а колькі тоіць адкрыццяў яе мінулае! Хаця тэма Вялікай Айчыннай вывучаецца з 10-га класа, але зацікавіла гісторыя вайны, якая адлюстравана праз лёсы звычайных сем’яў. Па-мойму, Ленін варты быць больш вядомым турыстычным цэнтрам.
Наведалі могілкі са 150-гадовай капліцай. На вялікай магіле насыпаны курган і ўсталяваны чорны мармуровы крыж з надпісам аб трагедыі, увекавечанай у мемарыяльным комплексе Хатынь. Настаяцель храма Нараджэння Багародзіцы в. Ленін іерэй Дзімітрый Гулюта адслужыў ліцію па ахвярах фашызму і благаславіў дэлегацыю на далейшы шлях.
Моршчынавічы
Пры ў’ездзе ў вёску наш мікрааўтобус спыніла жанчына ў камуфляжы. Яна правяла экскурсію па аддаленым паселішчы, што добраўпарадкуецца, дзякуючы неабыякавым спадчыннікам радавых сядзіб. Наступны прыпынак чакаў пры ўваходзе ў навакольны лес. І зноў сюрпрыз! З кустоў выскачылі дзеці ў камуфляжах, хлопчык нават з драўляным “карабінам”, і строга патрабавалі:
–Пароль!
Добра, што яго “ведала” наша гід – настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы Юлія Аляксандраўна Гапеенка. “Юныя партызаны” – 4-класнікі гэтай жа школы Насця Чарнавокая і Арцемій Юханаў – правялі да “месца дыслакацыі” атрада і сямейнага лагера. У маляўнічай дубраве, на залітай восеньскім сонцам паляне, адбылася інсцэніраваная гульня “Партызанскі атрад”, дзе ў ролях рэальных гістарычных асоб 11-класнікі рэканструявалі падзеі акупацыі і змагання з фашыстамі.
Кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі Дзіяна Раманаўна Сладзінская (СШ №2 г. Лунінца) падзялілася ўражаннямі:
–Сэрца захаланулася, калі ўбачыла дзяўчат у вопратках, звычайных для іх бабуль. Кранула ўсё – камандзір з камісарам над картай за распрацоўкай аперацыі; клятва партызана; жаночыя постаці, увасабляючыя і смутак па спаленых вёсках, і рашучасць адпомсціць ворагам. Ганаруся, што ў педагагічнай грамадскасці раёна працуе такая яркая асоба, як Наталля Іванаўна Баброўнік. Яна здолела выхаваць і цудоўных вучняў, якім блізкія перакананні настаўніцы, і адданых захаванню мінуўшчыны роднага краю маладых паслядоўніц. У іх ліку – педагогі Алена Уладзіміраўна Баган і Настасся Паўлаўна Канановіч, якія таксама прымалі ўдзел у такім незвычайным уроку гісторыі.
Падсілкаваўшыся партызанскім пачастункам – хлебам і грэчневай кашай, прыгатаванымі ў вясковай печы, завараным на лясных травах духмяным чаі з кавалкавым цукрам – рушылі да наступнай з 13-ці “лунінецкіх Хатыняў”.
Сітніцкі Двор
Каля помніка, усталяванага на магіле 380-ці ахвяр фашызму, эмацыянальна выступіў ветэран педагагічнай працы Уладзімір Ільіч Аксёненка. Ён заклікаў маладое пакаленне памятаць аб трагедыях вайны, каб не пачалася новая... Слёзы выклікалі ўспаміны Антаніны Піліпаўны Анісімавай, у якой фашысты забілі дзеда і бубулю з іх нявесткай, маму і тату, сястру, брата з жонкай і немаўляцем-пляменнікам. 85-гадовай жанчыне цяжка было прыгадваць сваё сіроцтва. Крыху супакоілася, калі яе руку стаў трымаць старшыня Сінкевіцкага сельвыканкама Валерый Міхайлавіч Краснікевіч. Гэта падалося вельмі сімвалічным. Менавіта намаганнямі мясцовай улады захоўваюцца святыя мясціны – пахаванні ахвяр фашызму, занатаванне іх імёнаў на помніках, што, хочацца спадзявацца, будзе выканана і тут. Надзейная апора кіраўніцтву – вучні Сінкевіцкай СШ, якія разам з педагогам-арганізатарам Ірынай Алегаўнай Сінкевіч паведамілі аб трагічных і гераічных старонках ваеннай гісторыі краю.
Вулька 1
Вёска, дзе забіты 43 жыхары і спалены 136 двароў, таксама ўвекавечана ў Хатыні. Але вучні мясцовай школы сваю літаратурна-музычную кампазіцыю прысвяцілі Мелясніцы. І зрабілі гэта вельмі таленавіта. Далёка за межамі нашага краю вядома імя творчай настаўніцы Ганны Трафімаўны Кляўцэвіч. Яна ў чарговы раз так здолела падрыхтаваць вучняў, што ўсе быццам бы перанесліся ў прасторы і часе, быццам апынуліся ў тым жудасным дні 1 кастрычніка 1943 года, калі паміралі ні за што забітыя карнікамі людзі і гарэла вёска. У зале панавала цішыня, што парушалася толькі ўсхліпамі расчуленых дарослых, а слёзы не маглі стрымаць і дзеці (дарэчы, разам з мясцовымі школьнікамі гледачамі былі вучні Палескай СШ). 9-класнік Лунінецкай гімназіі, старшыня навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Аляксандр Верас быў узрушаны тэатралізаванай пастаноўкай:
–Як жа шмат часу трэба рыхтавацца, каб дэманстраваць такі высокі, амаль прафесійны ўзровень сцэнічнага майстэрства! Хаця мы вучымся ў элітнай установе адукацыі, але належыць пераймаць вопыт вясковых школ…
На працягу маршрута да ўдзельнікаў семінара далучыліся камандзір вайсковай часці падпалкоўнік Віталь Мікалаевіч Лабко, былы партызан Васіль Мікалаевіч Саўчук, арганізатар ваенна-патрыятычных аўтапрабегаў Канстанцін Канстанцінавіч Гоман, якія таксама былі ўражаны “жывой гісторыяй” вайны. Ад імя гледачоў дырэктар СШ в. Вулька 1 Сяргей Аляксандравіч Грушэўскі выказаў падзяку рэжысёру і артыстам. Па яго прапанове зала ўзнялася ў гонар ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх становіцца ўсё менш…
Багданаўка
Галоўнае – памятаць. І ў тым, што “это нужно не мёртвым – это надо живым”, пераканаліся ў вёсцы, якая на працягу ўсёй акупацыі моцна цярпела ад фашыстаў і была спалена апошняй у нашым краі – за два месяцы да вызвалення. У скверы памяці загінуўшых воінаў-землякоў ліцію адслужыў настаяцель храма святых Веры, Надзеі, Любові і Сафіі протаіерэй Мікалай Вабішчэвіч з царкоўным хорам. У школьным музеі юныя экскурсаводы пранікнёна расказалі аб трагедыі Багданаўкі, таксама ўвекавечанай у Хатыні, кранаюча перадалі запісаныя ад старажылаў успаміны, нагадалі аб удзельнікаў вайны – былых франтавіках і партызанах. За захаванне памяці аб гераічным пакаленні шчырую ўдзячнасць дзецям і настаўніцы Ганне Аляксееўне Мелюх выказалі метадыст ВМК аддзела адукацыі Вольга Сяргееўна Скрыпель, старшыні раённых арганізацый Беларускіх саюзаў афіцэраў і ветэранаў вайны ў Афганістане адпаведна Уладзімір Іванавіч Жураўлёў і Аляксандр Андрэевіч Жуланаў. Своеасаблівыя вынікі тэматычнага дня падвяла дырэктар Багданаўскай СШ Алена Аляксандраўна Ярмольчык:
–Краязнаўчы музей выбраў найлепшую дату для правядзення семінару. 17 кастрычніка – дзень нараджэння раённай газеты, якая пад рознымі назвамі, але на працягу ўсёй дзейнасці занатоўвае шматпакутную гісторыю нашага краю, з’яўляецца летапісам сучаснасці, адлюстраваннем цяперашніх дасягненняў раёна…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

930