Вышываная прыгажосць


Выставай “Вышываная прыгажосць” у прысядзібным флігелі музея “Лошыцкая сядзіба” – філіяле ДУ “Музей гісторыі горада Мінска” – аб’яднанне аматараў вышыўкі “Вышывальшчыца” распачынае адзінаццаты год сваёй дзейнасці.

Гісторыя аб’яднання пачынаецца з 2006 года. Каля 30 чалавек рознага ўзросту ў вольны час удасканальваюць майстэрства вышыўкі праз асабістую руплівую работу, абмен вопытам і ідэямі, узаемадапамогу і майстар-класы. Арганізатарам і першым кіраўніком аб’яднання была Алена Бакаева.

У сакавіку 2008 года “Вышывальшчыца” атрымала статус аматарскага аб’яднання пры Музеі беларускага народнага мастацтва – філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у вёсцы Раўбічы.

За гады існавання грамадска-культурнага аб’яднання праведзена больш за 30 выстаў у музеях, бібліятэках, выставачных залах і навучальных установах Рэспублікі Беларусь, прысвечаных разнастайнай тэматыцы: мастацтва, прырода, маці і дзеці, беларускія ўзоры і святы і інш. Арганізаваны персанальныя выставы твораў Валянціны Лёлі, Надзеі Канашкінай, Любові Чарнай, Яўгена Драноўскага. За папулярызацыю беларускай народнай вышыўкі і высокі ўзровень майстэрства ўдзельніца клуба Надзея Канашкіна ў 2011 годзе абрана сябрам Беларускага саюза мастакоў народнай творчасці.

“Вышывальшчыца” прымае ўдзел у гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах: святкаваннях Дня горада Мінска, Дня беларускага пісьменства і інш.
На выставе “Вышываная прыгажосць” прадстаўлена больш за 70 работ майстроў грамадска-культурнага аб’яднання “Вышывальшчыца” у разнастайных тэхніках вышыўкі – крыжом, паўкрыжом, гладдзю, а таксама ткацтва, бацік і інш. Удзельнікі аб’яднанння з любоўю далучаюць наведвальнікаў выставы да мастацтва вышыўкі і вынікаў сваёй захапляльнай творчай працы.

Выстава працуе па 11 чэрвеня 2017 года, з 11.00 па 19.00.
Выходныя дні: панядзелак, аўторак.
Кошт квітка: дарослыя – 2 руб; студэнты ВНУ – 1 руб, навучэнцы школ, ПТВ, ССНУ – 50 кап.; дзеці да 7 гадоў, інваліды, ветэраны ВАВ, дзеці-сіраты, ваеннаслужачыя тэрміновай ваеннай службы – бясплатна.
Тэлефоны для даведак: +375 17 285 18 86, +375 17 321 24 30.

69