"…І нехта ўспомніць пра мяне"

27.02.2018 17:00

Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на імпрэзу “…І нехта ўспомніць пра мяне”, прысвечаную 85-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Пратасевіча.

Расказаць пра гэтага чалавека — літаратуразнаўцу, музеязназцу, збіральніка артэфактаў і папулярызатара культурнай спадчыны — нам асабліва важна, бо ён наш калега. Міхаіл Пратасевіч, філолаг па адукацыі, большую частку свайго жыцця прысвяціў музейнай справе ў літаратурных музеях: працаваў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

Міхаіл Іванавіч пакінуў добрую памяць аб сабе як у тых людзей, з кім давялося яму працаваць, так і ў шматлікіх наведвальнікаў, якія бачылі літаратурныя экспазіцыі, аўтарам якіх быў Міхаіл Пратасевіч. Новае прачытанне твораў Якуба Коласа у свой час стала асноўнай ідэяй экспазіцыі ў музеі класіка, яна была прысечана 120-годдзю гэтага прызнанага мэтра беларускай літаратуры. Легендарны “Покліч”, прысвечаны літаратуры 1920-30-х гг., у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры стаў прарывам у тагачаснай грамадскай думцы аб здабытках нацыянальнай літаратуры. “Вяртаннем гістарычнай памяці” пра У.Дубоўку, П.Галавача, У.Жылку, Я.Лёсіка, Р.Мурашку, К.Буйло, Б.Мікуліча і многіх іншых назваў асноўную ідэю экспазіцыі аўтар яе навуковай канцэпцыі Міхаіл Пратасевіч.

У нашым музеі наведвальнікі і сёння могуць убачыць асноўную экспазіцыю “Жыццёвы і творчы шлях Петруся Броўкі”, створаную Міхаілам Іванавічам да 100-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі ў 2005 годдзе.

На мерапрыемства запрошаны родныя Міхаіла Пратасевіча, былыя калегі-музейшчыкі і тыя, хто сёння працягваюць справу Міхаіла Іванавіча.

Падчас імпрэзы будзе прадстаўлена выстава “…І нехта ўспомніць пра мяне” з прыватнага архіву сям’і Пратасевічаў.


Міхаіл Іванавіч Пратасевіч






® а также