Гіпер-квэст “Музейны дэтэктыў”


Гипер-квест «Музейный детектив». Музей истории города Минска. г. Минск, 2018 г.

19 мая з 20.00 да 24.00 Музей гісторыі горада Мінска запрашае на Ноч музеяў. Мы падрыхтавалі для вас гіпер-квэст “Музейны дэтэктыў”.

Увага – Увага!

У Музеі горада М. адбылося таямнічае знікненне каштоўнага прадмета.

На дапамогу запрашаюцца ўсе свядомыя гараджане. Пошукі ўнікальнага экспаната распачнуцца 19 мая ў 20.00.

Для таго каб выйсці на след злодзея, неабходна сабраць улікі, якія ён пакінуў у сямі месцах у Верхнім горадзе:

Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15),
Гарадской мастацкай галерэі Л.Д. Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10),
Арт-гасцёўні “Высокае места” (вул. Герцэна, 2а),
Мінскай гарадской ратушы (пл. Свабоды, 2а),
Археалагічным музеі (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6),
Экспазіцыі “Карэтная” (вул. Кірылы і Мяфодзія, 8),
Экспазіцыі “Мінская конка” (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6).

Адкуль пачынаць вышукі – вырашаць вам. Узбройцеся алоўкам, ручкай або пяром. Падрыхтуйцеся да нечаканых сустрэч, містычных супадзенняў, выпадковых адкрыццяў.

Тых, хто раскрые злачынства і знойдзе зніклую рэч, чакае шчодрая ўзнагарода.

Самыя першыя і спрытныя дэтэктывы адправяцца на рамантычнае “Спатканне на даху” ў 24.00.

Узнагародай для другога месца стане ўнікальная магчымасць убачыць начны горад з вышыні вежы Мінскай ратушы.

За трэцяе і чацвёртае месца – атрымаеце сертыфікаты на бясплатныя экскурсіі па музею.

За пятае месца – сямейны квіток на наведванне ўсіх экспазіцый музея.

Да сустрэчы, дарагія міс Марпл, шаноўныя Шэрлакі Холмсы, лейтэнанты Каломба, камісары Мегрэ, Эркюлі Пуаро і іншыя сапраўдныя дэтэктывы і шукальнікі прыгодаў! Чакаем вас і спадзяемся на вашу логіку і кемлівасць.

Ваш Музей горада М.


Акрамя гіпер-квэста на пляцоўках музея адбудуцца выступленні музыкантаў, будуць працаваць выстаўкі і пастаянныя экспазіцыі.

Нашы выстаўкі:

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15):
- “Правінцыя” – лірычны свет пейзажаў Кастуся Качана;
- “Дотык прыгажосці” – пранікнёны і далікатны жывапіс Эдуарда Зеньчыка (Эстонія).


Арт-гасцёўня “Высокае места” (вул. Герцэна, 2А):
- “Прывітанне з Мінска” – інтэрактыўны праект пра гісторыю мінскай фатаграфіі.


Археалагічны музей (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6):
- “МотаВелаМінск. Двухколавая гісторыя” – выстаўка для аматараў хуткасці і метала.


Адзіны білет у сем музеяў коштам у 5,00 беларускіх рублёў можна набыць у касах Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Мінскай гарадской ратушы, Археалагічнага музея, Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва.


+375 17  337 24 30
minskmuseum.by

254