Выстава Віктара Данілава "Наш край"


З 29 сакавіка па 21 красавіка ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі будзе працаваць выстава мастака Віктара Мікалаевіча Данілава "Наш край".
Нарадзіўся Віктар Данілаў у 1946 г. у горадзе Сучан Прыморскага края. У 1970 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага інстытута. Вучыўся ў вядомых педагогаў Івана Сталярова і Грыгорыя Клікушына. У мастацкіх выставах як графік і жывапісец Віктар Данілаў удзельнічае з 1968 г. Персанальныя выставы мастака неаднаразова праходзілі ў Беларусі і Расіі. Работы знаходзяцца ў фондах музеяў Самарканда, Пскова, Мінска, Заслаўя, Несвіжа і прыватных калекцыях ў Расіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Польшчы і іншых краінах.

З 1992 г. Віктар Данілаў член Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, працуе ў жанрах: графіка, лінагравюра, нацюрморт, пейзаж. У яго працах адлюстроўваецца жыццёвы шлях мастака і ідэйная канцэпцыя яго творчасці - духоўнае яднанне двух славянскіх народаў: беларускага і рускага.

За паўстагоддзя творчай дзейнасці ў мастака сфармавалася пазнавальная манера пісьма, выпрацаваўся індывідуальны жывапісна-пластычны почырк. Паслядоўна працуючы ў традыцыйнай рэалістычнай манеры, Віктар Мікалаевіч, не баіцца здацца старамодным. Працы, напоўненыя ўнутраным святлом і сілай, сапраўды запамінальныя і ўнікальныя - вось як можна ахарактарызаваць яго творчасць.

Адкрыццё выставы адбудзецца 29 сакавіка ў 17.00 па адрасе г. Маладзечна, вул. Партызанская, 3.

У час працы выставы з 29 сакавіка па 21 красавіка Віктар Данілаў правядзе майстар-класы для настаўнікаў выяўленчага мастацтва.

95