Адкрыццё часовай экспазіцыі “Душою і сэрцам я з вамі, героі…”


3 мая 2019 года ў 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Душою і сэрцам я з вамі, героі…” і літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вялікая Айчынная вайна – адна з самых сумных старонак у кнізе гісторыі беларускага народа. Практычна кожная сям’я мела свае асабістыя страты, сваё гора. Не абышлі яны і народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Вайна адабрала ў Песняра сына Юрыя, які трагічна загінуў пры абароне горада Ярцава Смаленскай вобласці. Самога паэта, яго жонку Марыю Дзмітрыеўну і сыноў Данілу і Міхася вайна вымусіла пакінуць Радзіму, стаць выгнаннікамі і шукаць прытулку на чужой зямлі.
Вялікім па часе і значнасці быў ташкенцкі перыяд жыцця Якуба Коласа. У далечыні ад Радзімы, затаіўшы ў сэрцы тугу ад расстання, трывогу за сына, паэт займаўся актыўнай грамадскай і творчай дзейнасцю. Пра гэта сведчаць зборнікі яго вершаў, напісаных на ўзбекскай зямлі, публіцыстычныя творы антываеннай скіраванасці. Узбекістан быў шчырым і гасцінным, але паэта неадваротна цягнула на Радзіму. Яго шчырае сэрца пакутавала разам з мільёнамі сэрцаў беларускіх людзей. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая сабралася пасля доўгага перапынку на роднай зямлі, Якуб Колас прамовіў: “
Сягоння, калі мы ступілі на глебу роднай зямлі, мне хочацца пакланіцца ёй і народу за іх бязмерныя пакуты. Усе мы адчулі і перажылі вострае пачуццё болю і суму па роднай зямлі. Мы пазналі горыч цяжкой, змушанай разлукі з ёю і сваім народам. Праз гэтую разлуку мы яшчэ мацней палюбілі сваю краіну, спаленую і параненую… Вялікая Айчынная вайна, якой яшчэ не ведала гісторыя зямлі, раскрыла і паказала ва ўсёй велічы хараство духоўнага вобліку нашага народа”.
На выстаўцы будуць прадстаўлены арыгінальныя музейныя прадметы: дакументы, фотаздымкі, кнігі, рукапісныя старонкі твораў і лістоў, асабістыя рэчы, якія расказваюць пра жыццё народнага паэта і яго блізкіх у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by
Будзем рады бачыць Вас у гасцінным Доме Коласа!