Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Каўказскія творы Л.М.Талстога»


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Каўказскія творы Л.М.Талстога» — сумеснага праекта з Федэральнай дзяржаўнай установай культуры «Дзяржаўны мемарыяльны і прыродны запаведнік „Музей-сядзіба Л.М.Талстога «Ясная Паляна»“».

Леў Мікалаевіч Талстой – знакаміты класік рускай і сусветнай літаратуры. Яго пяру належаць выдатныя творы: «Война и мир», «Анна Каренина», «Воскресение», «Крейцерова соната», аўтабіяграфічная трылогія «Детство», «Отрочество», «Юность” і іншыя. Пісьменнік аказаў моцны ўплыў на эвалюцыю еўрапейскага гуманізму, а таксама на развіццё рэалістычных традыцый у сусветнай літаратуры.

Значную ролю ў станаўленні Льва Мікалаевіча Талстога як пісьменніка адыграў Каўказ. Даследчыкі творчасці падкрэсліваюць, што ў каўказскіх апавяданнях складваўся агульны філасофскі погляд пісьменніка на жыццё, вайну і мір, які ўвасобіўся ў мастацкіх вобразах.

Экспазіцыя «Каўказскія творы Л.М.Талстога» прадстаўляе ілюстрацыі вядомай пецярбургскай мастачкі Вольгі Граблеўскай, створаныя спецыяльна для аднайменнага калекцыйнага выдання. Зборнік быў выдадзены ў 2018 годзе пяцігорскім выдавецтвам «Снег» сумесна з музеем-сядзібай Л.М.Талстога «Ясная Паляна» да 190-годдзя пісьменніка. У выданне ўвайшлі вядомыя каўказскія творы пісьменніка: «Набег», «Рубка леса», «Разжалованный», «Мильтон и Булька», «Казаки», «Кавказский пленник», «Хаджи-Мурат».

Акрамя знаёмства з каўказскай тэмай у жыцці і творчасці Л.М.Талстога, наведвальнікі экспазіцыі змогуць узгадаць вядомыя творы пісьменніка праз прыжыццёвыя выданні, апынуцца ва ўяўным месцы адпачынку і працы творцы, даведацца пра ўплыў творчасці Льва Тастога на беларускую літаратуру.

Рэдкія выданні прадстаўлены Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры наведвальнікі змогуць убачыць кніжныя выданні і рукапісы перакладаў твораў Льва Мікалаевіча Талстога на беларускую мову.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47.