Выстава «Абуджаны анёл Валерыя Дзевіскібы»


З 24 верасня па 20 кастрычніка Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на вул. Някрасава, 3 прадстаўляе выставу «Абуджаны Анёл Валерыя Дзевіскібы». Адкрыццё выставы адбудзецца 24 верасня ў 18:00.

Выстава ладзіцца мастаком Міколай Купавай.

Гэты доўгачаканы праэкт мае мэту распавесці пра творчую спадчыну Валерыя Дзевіскібы. Шмат твораў мастак прысвяціў і сучаснікам, беларускім дзеячам літаратуры і мастацтва, сярод якіх пісьменнік У. Караткевіч. Упершыню творы беларуска-латвійскага мастака з розных калекцый экспануюцца як адна выстава, а яго імя вернецца на Радзіму і прагучыць для беларускага наведвальніка.

Мікола Купава — вядомы беларускі мастак, член Беларускага саюза мастакоў, выкладчык. За мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» (1988) узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны. Лаўрэат прэміі Беларускага Фонда Тадэвуша Касцюшкі. Пераможца конкурса «Вечныя гарады» і ўзнагароджаны паездкай у Рым. Браў удзел болей як у 80 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах.

Сяргей Панізьнік, паэт, перакладчык, кавалер медаля Францішка Скарыны, уладальнік Ганаровай граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі, Дыпламант міжнароднага літаратурнага конкурсу ЮНЭСКА «Сустрэча двух сусветаў».

«Газета «Культура» (№47, 25 лістапада — 1 снежня 2000 г.) яшчэ пры жыцці мастака змясціла мой артыкул «Анёл-абаронца Валерыя Дзевіскібы». Узгадвалася там і перапіска з гомельскім творцам. З 1992 года прытулкам сям’і Дзевіскібаў стала Новая Мільча пад Гомелем, дзе, як пісаў мне Валерка, працаваў на сваім паддашку, даваў першыя навыкі малявання гомельскім школьнікам.

Свой допіс 2000-га года ў газеце «Культура» я закончыў такімі радкамі: «Хочацца, каб людзі ведалі, што ёсць у Валерыя-Лявонта добры Анёл, які і яго сябрам пры нагодзе лагодна ўзмахвае ахоўнымі крыламі!» І гэты добры Анёл ускрыляў створаныя мастаком вобразы Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, М.К. Агінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, С. Манюшкі, В. Цяпінскага, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча. Ажывалі на палотнах Дзевіскібы згадкі пра Старую Рыгу і Слонім, Пінск і Палессе…

15 гадоў прамінае майму спадзяванню, выказанаму ў «ЛіМ»е 10 снежня 2004 года: «З цягам часу сябры таленавітага творцы зладзяць выставу ў памяць Валерыя-Валента Дзевіскібы». І вось апантаны мастак-ратнік Мікола Купава ўзбудзіў з-пад шлема кагорту спадкаемцаў — і сёлета 24 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрываецца выстава творчай спадчыны Валерыя Дзевіскібы. Абуджаны Анёл 24 верасня ўзляціць над харугвамі Менска і прытуліцца да нас крыламі Натхнення — у падзяку і на радасць».

Наведванне экспазіцыі адбываецца па агульнаму квітку ў НЦСМ.

НЦСМ на вул. Някрасава, 3
Час працы: серада-нядзеля 12:00 -20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Каса: +375 17 281 74 79
Запіс на экскурсію: +375 17 235 03 32